Выхаванцы секцыі “Таэквандо” Палаца творчасці дзяцей і моладзі вярнуліся з Магілёва з шасцю медалямі

У Магілёве прайшоў міжнародны турнір па кікбоксінгу “Кубак залатога льва”, на які з’ехаліся 350 мацнейшых баксёраў з розных куточкаў Беларусі, Расіі і Літвы. Гонар Шчучыншчыны на спаборніцтвах абаранялі выхаванцы секцыі “Таэквандо” Палаца творчасці дзяцей і моладзі.

Юныя спартсмены спаборнічалі ў трох узроставых і розных вагавых катэгорыях. Шчучынцы выступілі на рынгу вельмі дастойна і заваявалі шэсць медалёў. Выхаванцы трэнера Уладзіміра Барысавіча Шурупава Ілья Сырыцкі і Андрэй Варонік не пакінулі ніводнага шанца сваім сапернікам і сталі пераможцамі чэмпіянату. Іх сябры па камандзе Павел Рымко і Арцём Чакаеў заваявалі “серабро”, а Дзямід Лобач і Улад Марчукевіч вярнуліся дадому з “бронзай”.
– Наша ўзыходзячая зорка адзінаборстваў Ілья Сырыцкі быў прызнаны лепшым кікбоксерам турніру і ўзнагароджаны прызам за лепшую тэхніку вядзення бою, -- з гонарам зазначае трэнер шчучынскай каманды Уладзімір Барысавіч Шурупаў. -- Цуды стойкасці і вынослівасці на рынгу прадэманстраваў Арцём Чакаеў: у фінале ён біўся з сапернікам, які значна перавышаў яго ў росце і быў цяжэй на 25 кілаграмаў. У канцы канцоў Арцём у тым баі саступіў, але за праяўлены мужчынскі характар і волю да перамогі юнак быў удастоены спецыяльнага прыза. 
Вярнуўшыся дадому, выхаванцы У.Б. Шурупава працягваюць інтэнсіўна трэніравацца. Ужо ў красавіку яны паедуць у Полацк, дзе прымуць удзел у першынстве Рэспублікі Беларусь па кікбоксінгу. Па выніках гэтых спаборніцтваў мацнейшыя кікбоксеры будуць уключаны ў склад нацыянальнай зборнай для ўдзелу ў Кубку Еўропы, які пройдзе ў сталіцы Чэхіі – Празе. Упэўнены, шчучынскія спартсмены паспяхова пройдуць адбор!
Аляксандр КАСПЯРЧУК.

 
Подписывайтесь на нас в Telegram и Viber!