Проста аб працоўным заканадаўстве. Прафсаюзны прыём грамадзян прайшоў на базе Гродзенскага занальнага інстытута раслінаводства ў Шчучыне
На базе Гродзенскага занальнага інстытута раслінаводства ў Шчучыне прайшоў прафсаюзны прыём грамадзян. Праводзілі яго галоўны прававы інспектар працы абласной арганізацыі прафсаюза работнікаў культуры, інфармацыі, спорту і турызму Марыя Козырава, старшыня раённага аб’яднання прафсаюзаў Юрый Пашук і пракурор Шчучынскага раёна Алег Вялічка.
Згодна з фарматам падобных мерапрыемстваў, перад асабістым прыёмам грамадзян праводзіцца лекцыя па прававой адукацыі. Гэтым разам Марыя Козырава выступіла з дакладам “Умовы і парадак прыцягнення работнікаў да матэрыяльнай адказнасці”, у якім закранула асноўныя аспекты права па гэтай тэме.
– Супрацоўнік можа быць прыцягнуты да матэрыяльнай адказнасці пры адначасовай наяўнасці некалькіх умоў, – адзначыла Марыя Козырава. – Калі шкода нанесена наймальніку пры выкананні сваіх працоўных абавязкаў. Калі мелі месца супрацьпраўныя паводзіны работніка. Калі была прамая прычынная сувязь паміж супрацьпраўнымі паводзінамі работніка і шкодай, нанесенай наймальніку, а таксама калі непасрэдная віна работніка ў прычыненні матэрыяльнай шкоды была пацверджана.
Пракурор Шчучынскага раёна Алег Вялічка адзначыў, што найбольш часта факты прыцягнення работнікаў да матэрыяльнай адказнасці ўстанаўліваюцца ў сельскай гаспадарцы.
– Самая вялікая праблема, звязаная з прычыненнем матэрыяльнай шкоды, – падзеж буйной рагатай жывёлы ў выніку невыканання тэхналогіі гадоўлі. Часцей за ўсё падзеж адбываецца з-за недабрасумленных адносін да сваіх абавязкаў з боку работнікаў, якія адказваюць за жывёл, што ў сваю чаргу вядзе да парушэння тэхналогіі догляду, – адзначыў Алег Валер'евіч.
Пасля лекцыі па прававой адукацыі кожны жадаючы змог звярнуцца да спецыялістаў з пытаннямі. У асноўным грамадзян цікавілі нюансы прыцягнення работнікаў да матэрыяльнай адказнасці, парадак выдзялення работнікам беспрацэнтнай пазыкі на будаўніцтва і набыццё жылля, а таксама працэдура ўнясення зменаў у калектыўны дагавор арганізацыі.
Пра мэту і карысць такіх прафсаюзных прыёмаў нам расказаў старшыня раённага аб’яднання прафсаюзаў Юрый Пашук:
– Прафсаюзныя прыёмы праводзяцца ў рамках прававой асветы насельніцтва. Цягам трох гадоў удзел у такіх прыёмах бяруць прадстаўнікі пракуратуры, таму ў зацікаўленых грамадзян ёсць магчымасць задаць прафісійным юрыстам хвалюючыя пытанні і абавязкова атрымаць кампетэнтную прававую дапамогу.
Алег ШЫШЛОЎСКІ.
Фота аўтара.