Аказалі прававую дапамогу. У Шчучынскім філіяле Гродзенскага абласнога спажывецкага таварыства прайшоў прафсаюзны прыём грамадзян
На базе Шчучынскага філіяла Гродзенскага абласнога спажывецкага таварыства прайшоў прафсаюзны прыём грамадзян. Яго правялі прававы інспектар працы абласной арганізацыі Беларускага прафсаюза работнікаў хімічнай, горнай і нафтавай галін прамысловасці Раман Цімашкоў, старшыня раённага аб’яднання прафсаюзаў Юрый Пашук, пракурор Шчучынскага раёна Алег Вялічка і дырэктар філіяла Вануш Навасардзян.
Па традыцыі фармат мерапрыемства прадугледжваў лекцыю па прававой адукацыі, пасля якой падчас асабістага прыёму кожны жадаючы змог звярнуцца да спецыялістаў па кваліфікаваную дапамогу. Гэтым разам з дакладам на тэму “Абарона працоўных правоў работнікаў: роля прафсаюза” выступіў Раман Цімашкоў. Ён расказаў пра дзейнасць Федэрацыі прафсаюзаў Беларусі і праблемы, з якімі сюды звяртаюцца работнікі прадпрыемстваў. Таксама Раман Цімашкоў расказаў пра прадстаўленне працоўных інтарэсаў работнікаў у судах:
– У рамках прававой інспекцыі працы ФПБ створана і дзейнічае прафсаюзная юрыдычная служба. Яе праца накіравана на дапамогу работнікам у складанні дакументаў для падачы ў суд, прадстаўленне і абарону ў судзе правоў і законных інтарэсаў членаў прафсаюза, тлумачэнне юрыдычных пытанняў, звязаных з судовымі спрэчкамі. Напрыклад, за 2022 год па просьбах работнікаў было падрыхтавана 427 працэсуальных і іншых дакументаў. Асноўная частка судовых спрэчак абумоўлена парушэннямі ў сферы аплаты працы, а таксама незаконным прыцягненнем да дысцыплінарнай адказнасці.
Юрый Пашук закрануў тэму абароны працоўных правоў работнікаў на прыкладзе Шчучынскага раёна:
– Работнікі шчучынскіх прадпрыемстваў часам звяртаюцца па дапамогу ў вышэйстаячыя прафсаюзныя арганізацыі, туды, дзе маюцца прафесійныя прававыя інспектары. Рыхтуюцца адпаведныя іскавыя заявы ў падтрымку работнікаў. І я хачу сказаць, што па многіх пытаннях атрымлівалася перамагчы на судовых пасяджэннях, якія ў асноўным тычыліся выплат работнікам пасля ліквідацыі прадпрыемстваў.
Пасля дакладаў усе, хто меў патрэбу, змаглі звярнуцца па юрыдычную дапамогу да спікераў. Так, людзей цікавілі пытанні, звязаныя з калектыўнай дамовай і выплатамі заробку. Таксама пыталіся пра нюансы атрымання ў спадчыну нерухомасці і матэрыяльнай адказнасці работнікаў. Асобна закранулі тэму пратэрмінаванага пасведчання кіроўцы.
Алег ШЫШЛОЎСКІ.
Фота аўтара.