Проста аб працоўным заканадаўстве. Прафсаюзны прыём грамадзян прайшоў на базе Гродзенскага занальнага інстытута раслінаводства ў Шчучыне

 

На базе Гродзенскага занальнага інстытута раслінаводства ў Шчучыне прайшоў прафсаюзны прыём грамадзян. Праводзілі яго галоўны прававы інспектар працы абласной арганізацыі прафсаюза работнікаў культуры, інфармацыі, спорту і турызму Марыя Козырава, старшыня раённага аб’яднання прафсаюзаў Юрый Пашук і пракурор Шчучынскага раёна Алег Вялічка.

 

Згодна з фарматам падобных мерапрыемстваў, перад асабістым прыёмам грамадзян праводзіцца лекцыя па прававой адукацыі. Гэтым разам Марыя Козырава выступіла з дакладам “Умовы і парадак прыцягнення работнікаў да матэрыяльнай адказнасці”, у якім закранула асноўныя аспекты права па гэтай тэме.

 

 

– Супрацоўнік можа быць прыцягнуты да матэрыяльнай адказнасці пры адначасовай наяўнасці некалькіх умоў, – адзначыла Марыя Козырава. – Калі шкода нанесена наймальніку пры выкананні сваіх працоўных абавязкаў. Калі мелі месца супрацьпраўныя паводзіны работніка. Калі была прамая прычынная сувязь паміж супрацьпраўнымі паводзінамі работніка і шкодай, нанесенай наймальніку, а таксама калі непасрэдная віна работніка ў прычыненні матэрыяльнай шкоды была пацверджана.

 

Пракурор Шчучынскага раёна Алег Вялічка адзначыў, што найбольш часта факты прыцягнення работнікаў да матэрыяльнай адказнасці ўстанаўліваюцца ў сельскай гаспадарцы.

 

 

– Самая вялікая праблема, звязаная з прычыненнем матэрыяльнай шкоды, – падзеж буйной рагатай жывёлы ў выніку невыканання тэхналогіі гадоўлі. Часцей за ўсё падзеж адбываецца з-за недабрасумленных  адносін да сваіх абавязкаў з боку работнікаў, якія адказваюць за жывёл, што ў сваю чаргу вядзе да парушэння тэхналогіі догляду, – адзначыў Алег Валер'евіч.

 

Пасля лекцыі па прававой адукацыі кожны жадаючы змог звярнуцца да спецыялістаў з пытаннямі. У асноўным грамадзян цікавілі  нюансы прыцягнення работнікаў да матэрыяльнай адказнасці, парадак выдзялення работнікам беспрацэнтнай пазыкі на будаўніцтва і набыццё жылля, а таксама працэдура ўнясення зменаў у калектыўны дагавор арганізацыі.

 

Пра мэту і карысць такіх прафсаюзных прыёмаў нам расказаў старшыня раённага аб’яднання прафсаюзаў Юрый Пашук:

 

– Прафсаюзныя прыёмы праводзяцца ў рамках прававой асветы насельніцтва. Цягам трох гадоў удзел у такіх прыёмах бяруць прадстаўнікі пракуратуры, таму ў зацікаўленых грамадзян ёсць магчымасць задаць прафісійным юрыстам хвалюючыя пытанні і абавязкова атрымаць кампетэнтную прававую дапамогу.

 

Алег ШЫШЛОЎСКІ.

Фота аўтара.

 
Подписывайтесь на нас в Telegram и Viber!