Проста аб нюансах заканадаўства. У ААТ «Шчучынскі завод “Аўтапровад” прайшоў прафсаюзны прыём грамадзян

 

У ААТ «Шчучынскі завод “Аўтапровад” прафсаюзны прыём грамадзян правялі прававы інспектар Гродзенскай абласной арганізацыі Беларускага прафсаюза работнікаў галін прамысловасці “Белпрафмаш” Ірына Клімовіч, старшыня Шчучынскага раённага аб’яднання прафсаюзаў Юрый Пашук і пракурор Шчучынскага раёна Алег Вялічка.

 

Спачатку ўсе жадаючыя маглі звярнуцца да членаў прафсаюзнай групы з важнымі пытаннямі, якія патрабавалі прафесійнай юрыдычнай кансультацыі. Так, людзей цікавілі нюансы, звязаныя з прапіскай дзяцей па месцы жыхарства бацькоў. Пыталіся таксама пра апрацоўку персанальных даных, калектыўную дамову і вяртанне нявыплачанага заробку пасля звальнення.

 

 

Пасля асабістага прыёму грамадзян для калектыву работнікаў ААТ “Шчучынскі завод “Аўтапровад” была праведзена лекцыя па прававой адукацыі. Так, Ірына Клімовіч выступіла з дакладам на тэму “Абарончая функцыя прафсаюзаў пры спыненні працоўных адносін”:

 

– Парушэнні працоўных правоў  работнікаў часцей за ўсё дапускаюцца пры спыненні працоўных адносін. Незаконнае звальненне работніка – пазбаўленне яго магчымасці працаваць у адпаведнасці з кваліфікацыяй ці па абранай ім спецыяльнасці ў арганізацыі і зарабляць сабе на жыццё – з’яўляецца сур’ёзным парушэннем працоўнага заканадаўства. Пры разглядзе судамі такіх спрэчак асаблівая ўвага надаецца захаванню парадку працоўнай дамовы.

 

 

Пасля лекцыі па прававой адукацыі спікеры засталіся для таго, каб адказаць на дадатковыя пытанні грамадзян.

 

Пра эфектыўнасць падобных прафсаюзных прыёмаў нам расказаў Юрый Пашук: 

 

– Такія прафсаюзныя прыёмы грамадзян маюць высокую эфектыўнасць. Зацікаўлены чалавек можа прыйсці і абавязкова атрымаць юрыдычную кансультацыю ад прафесіяналаў. Важна, што падчас прыёму грамадзян людзі могуць задаць важныя для іх пытанні не толькі па працоўным праве, але і па ўсіх іншых сферах заканадаўства нашай краіны.

 

Алег ШЫШЛОЎСКІ.

Фота аўтара.

 
Подписывайтесь на нас в Telegram и Viber!