Назва вёскі ад праўды пайшла…

500-годдзю беларускага кнігадрукавання была прысвечана сустрэча з паэтам Рычардам Бялячыцам, якая адбылася нядаўна ў Галавічпольскай школе. 

Аўтар шматлікіх кніг найперш адзначыў вялікасць беларускага кнігадрукара Францыска Скарыны як вучонага, філосафа, грамадзяніна, патрыёта Радзімы ў сусветным маштабе, прывёў цікавыя факты з яго жыццёвай і творчай дзейнасці. 
Не менш зацікавілі прысутных разважанні паэта пра гісторыю нашага краю. “Няхай легенда, няхай з-за даўнасці быллём парасла, але ж назва вёскі Галавічполе ад праўды пайшла, і таму гісторыю сваю трэба ведаць і шанаваць, як рабіў гэта Скарына”, – заключыў Р. Бялячыц.
Паэт прачытаў свае новыя вершы, расказаў, што з дня на дзень выйдзе яго новая кніга прозы “Са мной мой дзень”, адказаў на пытанні вучняў. Прывабіў адкрытасцю, лёгкасцю ў зносінах. Паразважаў на тэму кахання і любові, дапамог разабрацца у такіх нялёгкіх паняццях. Расказаў гумарыстычную гісторыю са свайго жыцця, калі прыйшоў працаваць маладым спецыялістам у школу. Рабят цікавілі пытанні аб тым, калі былі зроблены першыя творчыя крокі, ці цяжка стаць пісьменнікам?
– У цяперашні час пісьменнікам стаць прасцей, чым раней, цяжэй ім застацца, – адказваў Рычард Станіслававіч. – Што гэта значыць? Напісаны і выдадзены зборнік вершаў і нават пісьменніцкі білет яшчэ не гарантыя, што ты застанешся пісьменнікам у гісторыі, што ты будзеш патрэбны ёй. Усё будзе залежаць ад таго, што ты напісаў і як.
Вельмі кранулі прысутных радкі верша “Галавічполе”:
Як у прыполе,
Дзве гары
Вякамі ўчэпіста даволі
Трымаюць поле, дол стары
Непадалёк Галавічполя.

Ці чулі, ці згадалі вы:
Услалі поле даўнім маем
Тут галава да галавы
Браты далёкага Мамая.
Не распазнаць ні ў чым бяду.
Лагодны дзень ці студзень люты,
А гэта поле перайду,
Нібы праз даўнія пакуты.
Не павяла дарога дзе б,
Як трэба нам
І як хацела, 
А з поля гэтага - наш хлеб
І чорны, нібы ноч,
І белы.
Напрыканцы сустрэчы актывісты і лепшыя ў вучобе рабяты атрымалі ад паэта ў падарунак кніжкі з аўтографам. Сустрэча, несумненна, застанецца ў памяці яе ўдзельнікаў, пакіне добры след у юных душах.
Вольга ІСАЕВА, намеснік дырэктара па выхаваўчай рабоце ДУА “НПК Галавічпольскі дзіцячы сад – сярэдняя школа”.

 
Подписывайтесь на нас в Telegram и Viber!