“Купала і Колас – наш гонар і слава”

Пад такой назвай прайшла ў Навадворскай сельскай бібліятэцы літаратурна-музычная кампазіцыя, прысвечаная 135-гадоваму юбілею беларускіх песняроў. На мерапрыемства былі запрошаны вучні 8-9 класаў, настаўнікі.

Па святочнаму аформлена памяшканне бібліятэкі, кніжная выстава, выстава вырабаў народных умельцаў навадворскага краю. 
Кожны, прамовіўшы Янка Купала, адразу успомніць Якуба Коласа. Яны дадзены Беларусі навечна, назаўсёды. Да іх слова прылучаны сэрцы многіх пакаленняў беларусаў, бо мова – душа народа, люстэрка духоўнага жыцця, наш нацыянальны скарб. І Купалу, і Коласу прыйшлося змагацца, каб гэты скарб гучаў на поўны голас. 
Усё жыццё паэты марылі аб тым, каб іх нашчадкі жылі шчасліва, каб для нашага народа зацвіла чароўная папараць-кветка, каб шчодра закаласіла беларуская ніва.
Прагучала шмат вершаў Янкі Купалы і Якуба Коласа. Удзельнікі мерапрыемства пачулі нямала выказванняў пра творчасць знакамітых беларускіх песняроў, шчырых слоў удзячнасці за іх талент і працу на карысць Беларусі.
Таксама слухалі запісы песень у выкананні беларускага ансамбля “Песняры” – “Мой родны кут”, “Спадчына”, “Явар і каліна”, “Мая малітва” і іншыя. 
Напрыканцы прысутныя пазнаёміліся з творчымі працамі навадворскіх майстрых Меланні Аляксандраўны Глушань, Станіславы Іванаўны Лябецкай, Кацярыны Іванаўны Савіцкай. 
Марыя БЯЛОЦКАЯ, бібліятэкар.

 
Подписывайтесь на нас в Telegram и Viber!