Новыя вышыні для юных футбалістаў. Футбольная каманда Шчучынскай ДЮСШ вярнулася з Ліды са срэбнымі медалямі

 

На мінулым тыдні каманда ДЮСШ горада Шчучына брала ўдзел у адкрытым футбольным турніры сярод юнакоў 2014 года нараджэння ў гонар капітана зборнай каманды Рэспублікі Беларусь Сяргея Паліцевіча. Спаборніцтвы прайшлі ў Лідзе.

 

Турнір сабраў 16 дзіцячых каманд з малых і буйных гарадоў нашай краіны. На фоне астатніх спартсменаў нашы юныя футбалісты не губляліся і паказалі годную гульню. На групавым этапе шчучынская каманда ўпэўнена атрымала тры перамогі ў трох матчах. У першы гульнявы дзень з лікам 9:1 шчучынцы ўзялі верх над камандай “Ліда-2”, пасля перайгралі зборную Нясвіжа з лікам 4:2 і ўпэўнена далі рады навагрудскай камандзе, той матч скончыўся з лікам 3:0.

 

 

У другі гульнявы дзень шчучынскімі хлопчыкамі быў пераможаны сур’ёзны сапернік – “Нёман-1”, што дазволіла ім выйсці ў паўфінал. У паўфінале наша каманда абыграла асноўную лідскую каманду з лікам 3:1.

 

На жаль, у фінале шчучынская дружына саступіла аднагодкам з Баранавічаў і па выніках турніру заняла ганаровае 2 месца. Віншуем юных шчучынскіх футбалістаў і трэнераў каманды з годным вынікам!

 

 

Алег ШЫШЛОЎСКІ.

Фота з архіва Шчучынскай ДЮСШ.

 
Подписывайтесь на нас в Telegram и Viber!