Інтрыга вырашыцца ў апошнім матчы. Падводзім вынікі гульні ФК “Шчучын” супраць “Нёман-Белкард”
Гэтымі выхаднымі ў Шчучын вярнуўся доўгачаканы вялікі футбол. На абноўленым стадыёне “Алімп” прайшоў матч другой лігі чэмпіянату Беларусі – “Шчучын” прымаў гродзенскую каманду “Нёман-Белкард”. Гульня выклікала вялікую цікавасць у мясцовых заўзятараў. Пасля доўгага перапынку, звязанага з рэканструкцыяй стадыёна, шчучынцы прыходзілі на трыбуны цэлымі сем’ямі, каб падтрымаць сваю каманду.
Нагадаем, што сёлета ад Гродзенскай вобласці ў другой лізе ўдзельнічалі 14 каманд, якія былі падзелены па тэрытарыяльнай прыкмеце на групы “Захад” і “Усход”. Па выніках групавога этапу 6 лепшых каманд, сярод якіх быў і “Шчучын”, выйшлі ў фінальную стадыю, дзе змагаліся за прызавыя месцы абласнога турніру.
Гульня нашай каманды супраць “Нёман-Белкард” была перадапошняй у гэтым сезоне. Сустрэча дзвюх моцных дружын абяцала быць цікавай, тым больш, што гродзенцы ехалі ў Шчучын, каб узяць рэванш пасля хатняга паражэння (1:2).
Матч пачаўся з імклівага атакуючага футбола. Абедзве каманды стараліся перавесці гульню на палову саперніка, але ў шчучынцаў гэта атрымлівалася лепш. Хуткія прарывы на флангах прыводзілі да небяспекі каля варот гасцей. У рэшце рэшт моцны ціск прынёс плён, і ўжо на 8-й хвіліне сустрэчы лік у матчы адкрыў гулец “Шчучына” Аляксей Піліпчык. Не збаўляючы абаротаў працягвалі атакаваць нашы хлопцы, дзякуючы чаму на 18-й хвіліне Арцём Байгот падвоіў перавагу гаспадароў поля. Другі прапушчаны мяч у пачатку сустрэчы стаў халодным душам для гродзенскай каманды, пасля якога госці актывізаваліся і буквальна праз хвіліну адказалі голам (2:1). Да канца першага тайма лік у матчы не змяніўся.
У другім тайме каманда гаспадароў таксама атакавала часцей, але не шчасціла нашым футбалистам у завяршэнні сваіх момантаў. “Нёман-Белкард” большасць часу абараняўся, але раз-пораз таксама выходзіў у атаку і намацваў слабыя месцы ў шэрагах шчучынцаў. Сітуацыя захоўвалася да самай канцоўкі гульні. Ужо задавалася, што матч так і скончыцца з лікам 2:1. Аднак на 79-й хвіліне пасля контратакі гульцы гродзенскай каманды зраўнялі лічбы на табло. Да канца сустрэчы заставалася 11 хвілін, за гэты час “Шчучын” паспеў правесці некалькі добрых падыходаў да варот саперніка, але забіць нашы футбалісты так і не змаглі. Сустрэча скончылася нічыёй 2:2.
Перад апошнім матчам сезона турнірная табліца выглядае так. На першым месцы з 19-ю ачкамі ідзе ваўкавыская “Змена”. Другі радок займае “Нёман-Белкард”, які мае 17 ачкоў. З 12-ю баламі на трэцім месцы турнірнай табліцы ідзе “ФСК Масты”. У спіну мастаўчанам дыхаюць шчучынцы, у актыве нашай каманды 11 ачкоў. Цікавасці гэтай сітуацыі надае той факт, што апошні матч сезона ФК “Шчучын” правядзе менавіта супраць мастоўскай каманды. У гэтым матчы вырашыцца лёс бронзавых медалёў чэмпіянату. Калі суседзям дастаткова згуляць у нічыю, то нашай камандзе патрэбна толькі перамога. Жадаем поспеху шчучынцам!
Алег ШЫШЛОЎСКІ.
Фота аўтара.