Срэбра ў юных шчучынцаў. Дзіцячая футбольная каманда са Шчучына годна выступіла ў адкрытым рэспубліканскім турніры па футболе “Everest cup”

 

На мінулым тыдні ў санаторыі “Вясёлка” Лідскага раёна завяршыўся адкрыты рэспубліканскі турнір па футболе сярод дзяцей 2014 года нараджэння “Everest cup”. У спаборніцтвах узялі ўдзел шэсць каманд, сярод якіх былі прадстаўнікі нашага раёна. Як юныя шчучынцы згулялі на гэтым турніры даведаемся зараз.

 

Сапернікамі каманды Шчучынскай дзіцяча-юнацкай спартыўнай школы былі калектывы з Гродна, Маладзечна, Воранава, таксама канкурэнцыю нашым хлопчыкам складалі дзве каманды з горада Калінінград Расійскай Федэрацыі (“Факел-1” і “Факел-2”).

 

Па выніках усіх гульняў наша каманда не зазнала ні аднаго паражэння. Шчучынцы перамаглі ўсе каманды, акрамя расіян з “Факела-1”, з якімі згулялі ў нічыю. Аднак, такога добрага выступу не хапіла для таго, каб заваяваць залатыя медалі. Калінінградцы з “Факела-1” таксама ні разу не прайгралі, але абышлі нашых хлопчыкаў па розніцы забітых і прапушчаных мячоў.

 

Такім чынам, першае месца турніру “Everest cup” дасталася камандзе з Калінінграда “Факел-1”. Срэбра турніру мелі хлопчыкі са Шчучынскай дзіцяча-юнацкай спартыўнай школы. Трэцюю турнірную прыступку заняла каманда з Гродна. Віншуем нашых хлопчыкаў з годным выступам на спаборніцтвах!

 

Трэнер дзіцячай футбольнай групы Дзмітрый Кірылаў падзяліўся з намі сакрэтамі поспеху юных спартсменаў:

 

– Гэтая група займаецца футболам чацвёрты год. Некаторыя пачалі хадзіць у секцыю з дзіцячага садка. Таму калектыў згуляны і мае ўжо вялікі досвед удзелу ў спаборніцтвах, што дазваляе нам на роўных гуляць з наймацнейшымі камандамі рэспублікі. Асноўным фактарам добрай падрыхтоўкі лічу дысцыпліну і рэгулярныя трэніроўкі. Гэта добрыя і актыўныя хлопчыкі, спадзяюся, што ў будучым яны дарастуць да нацыянальнай зборнай, патэнцыял для гэтага ў іх ёсць.

 

Алег ШЫШЛОЎСКІ.

 
Подписывайтесь на нас в Telegram и Viber!