Нашы ў паўфінале. Завяршыўся трэці тур чэмпіянату Беларусі па пляжным футболе
На выхадных прайшоў трэці тур чэмпіянату Беларусі па пляжным футболе. Гэтым разам лепшыя каманды краіны сабраліся на пляцоўцы базы адпачынку “Прывал”, што ў Гродне. За два дні ПФК “Шчучын” правёў тры гульні.
У суботу нашы хлопцы гулялі з мінскай “Рэгулай” і магілёўскім “ЦОР”. Першы матч прайшоў пад абсалютную дыктоўку шчучынскай каманды, якая ўпэўнена атакавала і не менш упэўнена абараняла свае вароты. У выніку першы перыяд скончыўся з лікам 1:0, голам за нашу каманду адзначыўся Гаўрыіл Гаўрылаў. У другім перыядзе шчучынцы лідарства не згубілі і ўзмацнілі свае пазіцыі галамі Алега Гапона і Арцёма Байгота. У заключным тайме яшчэ два галы ў вароты саперніка забіў Алег Гапон, такім чынам ён аформіў хет-трык. Выніковы лік матча – 5:0 на карысць шчучынскай каманды.
Наступным сапернікам ПФК “Шчучын” стаў “ЦОР”. Магілёўцы яшчэ не забыліся пра паразу ад шчучынцаў у матчы за суперкубак, таму ў гэтым сезоне і без таго прынцыповае супрацьстаянне набыло яшчэ большы эмацыйны накал. У першым тайме забівалі выключна шчучынскія футбалісты, але тут ёсць нюанс. На першай хвіліне сустрэчы праз крыўдную памылку Алег Гапон забіў аўтагол, аднак праз невялікі адрэзак часу ён рэабілітаваўся. Моцным ударам са сваёй паловы Алег зраўняў лік і такім чынам за дзве хвіліны матча паспеў забіць адразу за дзве каманды.
Пасля насычанага на галы пачатку “Шчучын” і “ЦОР” доўга не забівалі. Дзякуючы зладжанай гульні ў абароне шчучынцы ў першай трэці больш не прапускалі. А вось за дзве хвіліны да канца тайма ў іх атрымалася забіць. Пасля ўдару Гаўрыіла Гаўрылава мяч закаціўся ў вароты магілёўцаў. Такім чынам, першы перыяд застаўся за шчучынскай камандай (1:2). Але ў наступных таймах нашы хлопцы не змаглі стрымаць саперніка і прапусцілі спачатку тры мячы ў другім і адзін у трэцім перыядзе. Пасля матча выніковыя лічбы на табло былі 5:2 на карысць “ЦОР”.
У другі дзень нашу каманду чакаў адзін матч супраць “Юркаса” з Віцебска. Вынікам гульні стала ўпэўненая перамога шчучынцаў з лікам 9:2.
Перад заключным чацвёртым турам табліца ўдзельнікаў выглядае наступным чынам. З 27-ю ачкамі працягвае ўтрымліваць лідарства магілёўскі “ЦОР”. На другім месцы размясцілася каманда “Брэст-Волга”, яны маюць 23 ачкі. Замыкае тройку “Шчучын”, у актыве якога 21 ачко. Таксама варта адзначыць, што брэсцкая каманда на дадзены момант згуляла на адзін матч больш, чым шчучынцы і магілёўцы.
Пасля трох тураў наша каманда ўжо забяспечыла сабе права на ўдзел у паўфінале чэмпіянату. Заключны трэці тур і суперфінал сёлета пройдуць 22-23 ліпеня ў Шчучыне. Спадзяваемся, што пры родных трыбунах нашы хлопцы пакажуць сваю лепшую гульню і возьмуць трафей.
Алег ШЫШЛОЎСКІ.
Фота Крысціны БАЙГОТ.