Перамога ў першым хатнім матчы сезона. ФК “Шчучын” згуляў з ваўкавыскай “Зменай” у рамках чэмпіянату вобласці па футболе

 

Вялікі футбол вярнуўся ў Шчучын. У нядзелю на гарадскім стадыёне “Алімп” адбыўся матч “Шчучына” супраць каманды “Змена Ваўкавыск”. Гульня прайшла ў рамках 4 тура чэмпіянату Гродзенскай вобласці па футболе сярод каманд Другой лігі.

 

Першы хатні матч нашай каманды ў гэтым сезоне парадаваў гледачоў і заўзятараў інтрыгай, цікавай развязкай і спартыўнымі эмоцыямі.

 

Мінулы тур шчучынская каманда прапускала, а вось ваўкавыскія футбалісты правялі звышвыніковую гульню супраць “Бераставіцы”, якой забілі ажно 10 галоў, прапусціўшы адзін. Таму сумненняў у спартыўнай форме “Змены” не было, шчучынцы рыхтаваліся прымаць на сваім стадыёне моцны калектыў.

 

Пачатак першага тайма застаўся за гасцямі, яны хутка забілі мяч у вароты “Шчучына” і добра адбівалі атакі нашых футбалістаў. Каманды паказвалі прыгожы футбол з цікавымі камбінацыямі і імклівымі контратакамі.

 

Дзякуючы персанальнаму майстэрству шчучынскіх выканаўцаў у нашай каманды атрымалася зраўняць лік да перапынку. Голам за “Шчучын” адзначыўся Сяргей Клімец (1:1). Упартая барацьба працягнулася ўжо ў другім тайме. Нямала працы было ўкладзена галкіперамі абедзвюх каманд. Некалькі разоў госці з Ваўкавыска былі вельмі блізкія да таго, каб забіць, але адзначыцца другім голам так і не змаглі. Затое гулец “Шчучына” Аляксей Піліпчык змог знайсці слабае месца ў абароне саперніка, забіў мяч у вароты “Змены” і вывеў нашу каманду наперад (2:1). Да канца сустрэчы лік ужо не змяніўся.

 

Такім чынам, перамогу ў матчы з лікам 2:1 меў “Шчучын”, віншуем нашых футбалістаў.

 

Наступную гульню чэмпіянату вобласці шчучынцы правядуць на выездзе ў Скідзелі. Там наша дружына сустрэнецца з мясцовай камандай “ФСК Гродзенскі”, матч адбудзецца ў суботу 25 мая. Жадаем поспеху нашай камандзе!

 

Алег ШЫШЛОЎСКІ.

 
Подписывайтесь на нас в Telegram и Viber!