Крыўднае паражэнне. ФК “Шчучын” згуляў дома супраць “Мастоў” у рамках чэмпіянату вобласці па футболе

ФК «Шчучын» працягвае свой удзел у чэмпіянаце Гродзенскай вобласці па футболе сярод каманд Другой лігі. На мінулых выхадных наша каманда праводзіла хатні матч супраць “Мастоў”. Гульні супраць дружыны з суседняга райцэнтра заўсёды праходзяць у прынцыповай барацьбе, так сталася і гэтым разам.
Па традыцыі падтрымаць сваю каманду прыехалі шматлікія мастоўскія заўзятары, якія гучнымі воклічамі дадавалі градусу гэтаму матчу.
Гульня пачалася з абмену атакамі. Першыя хвіліны сустрэчы каманды па чарзе мяняліся ролямі, то атакуючы чужыя вароты, то абараняючы свае. Аднак хутка ініцыятывай усё ж авалодала наша каманда. Шчучынцы больш часу праводзілі з мячом і стараліся пазіцыйна перайграць саперніка. “Масты” ў сваю чаргу выбралі тактыку гульні на контратаках. Абедзве стратэгіі давалі камандам шанцы для таго, каб забіць у першым тайме. Так, мастаўчане мелі некалькі даволі небяспечных момантаў, калі трапны мяч у апошні момант выбіваўся з варотаў “Шчучына”. Гаспадары таксама адказвалі вострымі атакамі, асабліва небяспечнымі выглядалі з нашага боку флангавыя прарывы і доўгія перадачы. Некалькі атак шчучынцаў цудам не завяршыліся голам. Падчас адной з іх мяч нават трапіў у перакладзіну. Аднак, маючы добрыя моманты, каманды ўсё ж сыходзілі на перапынак пасля першага тайма з нулявой нічыёй.
У другім тайме абмен атакамі працягнуўся, з той розніцай, што каманды пачалі гуляць больш агрэсіўна, а гэта, вядома, прыводзіла да парушэнняў і як след – штрафных удараў. Адзін з такіх стандартаў і вырашыў лёс матча. Падчас адной з мастоўскіх атак шчучынцы парушылі правілы акурат каля сваёй штрафной пляцоўкі. Пазіцыя для ўдару была вельмі выгаднай, і госці скарысталіся гэтым шанцам, забіўшы гол. Да канца гульні нашы футбалісты шмат разоў спрабавалі забіць, у некалькіх выпадках гэта амаль атрымалася, але варатар і абаронцы “Мастоў” раз за разам адбіваліся ад шчучынскай навалы і ўрэшце змаглі захаваць свае вароты сухімі. Такім чынам, матч скончыўся з лікам 0:1 на карысць мастоўскай каманды.
Наступную гульню чэмпіянату вобласці шчучынцы правядуць 23 чэрвеня на выездзе супраць ФК “Свіслач”. Каманду чакае няпросты матч у гасцях, таму жадаем нашым хлопцам поспеху!
Алег ШЫШЛОЎСКІ.
Фота аўтара.