Самы важны матч яшчэ наперадзе. Напярэдадні фіналу Чэмпіянату Гродзенскай вобласці па футболе разбіраем прамежкавыя вынікі гульні ФК “Шчучын”

 

Падыходзіць да завяршэння сезон вялікага футбола. Сёлета каманда з нашага горада ФК “Шчучын” набрала выдатную гульнявую форму і паспяхова абараняе гонар раёна ў розных спаборніцтвах. Аб тым, як каманда правяла апошнія сустрэчы, раскажам зараз.

 

Пачнем з Кубка Гродзенскай вобласці па футболе – 2024.  Гэты турнір распачаўся для нашай каманды адразу з паўфінальнай стадыі. Сапернікам шчучынцаў стала ваўкавыская “Змена”, а сам матч прайшоў у Ваўкавыску. Цяжкі выезд чакаў нашу каманду, было зразумела, што барацьба за пуцёўку ў фінал будзе няўступнай. Так і адбылося, лік 1:1 на табло пасля фінальнага свістка азначаў адно – пенальці. У серыі пасляматчавых удараў гульцы “Шчучына” перайгралі саперніка і такім чынам выйшлі ў фінал турніру. У другім паўфінальным матчы верх над “Мастамі” ўзяла “Свіслач”, яна ж і стала наступным сапернікам нашай каманды.

 

Фінал кубка прайшоў на стадыёне “Нёман” у Мастах. Нягледзячы на выязны матч, наша каманда адчувала моцную падтрымку заўзятараў, якія прыехалі са Шчучына. Матч выдаўся надзвычай напружаным. Як і паўфінал, фінальная сустрэча скончылася нічыёй. Зноў вынік матча залежаў ад серыі пенальці, аднак гэтым разам вырашаўся лёс трафея. Халодны разлік і сканцэнтраванасць шчучынцаў далі плён, і з лікам серыі 5:3 наша дружына адолела саперніка. Радасць першага за многія гады трафея ахінула гульцоў і заўзятараў нашага клуба.

 

 

Трэба адзначыць, што перамога ў Кубку вобласці дае камандзе права на ўдзел у Кубку рэгіёнаў Беларусі – 2024, дзе чэмпіёны з сямі рэгіёнаў Беларусі пазмагаюцца за рэспубліканскі трафей.

 

 

Цяпер вернемся да Чэмпіянату Гродзенскай вобласці па футболе 2024 года, дзе ФК “Шчучын” завяршыў групавы этап на першым месцы і выйшаў у фінальны этап спаборніцтваў. На стадыі 1/2 сапернікам нашай каманды стаў ФК “Смаргонь-2”. Першы паўфінальны матч прайшоў у Смаргоні і скончыўся перамогай шчучынцаў з лікам 2:3. Улічваючы гэта, у другім матчы нашай камандзе было дастаткова згуляць з сапернікам у нічыю, каб выйсці ў фінал чэмпіянату.

 

Матч у Шчучыне прайшоў у мінулую нядзелю і падарыў гледачам буру эмоцый, бо трымаў у напружанні да самага фінальнага свістка. На пачатку гульні каманды абмяняліся небяспечнымі момантамі, але потым ініцыятыву забраў “Шчучын”. Лік мог быць адкрыты яшчэ ў першыя хвіліны сустрэчы, калі мяч са сваёй варатарскай лініі знялі смаргонскія абаронцы. Пасля гэтага шчучынцы мелі некалькі шанцаў адзначыцца галом, і ў рэшце рэшт гэта зрабіў Арцём Байгот. Пасля гульня выраўнялася, “Смаргонь” сама стала ствараць вострыя атакі, адна з якіх на 31-й хвіліне сустрэчы скончылася забітым мячом. Да канца першага тайма “Шчучын” зноў выйшаў наперад і зноў мяч забіў Арцём Байгот (2:1).

 

 

Другі тайм пачаўся з тактычных арэляў. Спачатку шчучынцы не выходзілі са штрафной пляцоўкі гасцей, потым смаргонцы прыціснулі гаспадароў да варот. На 75-й і 86-й хвіліне мяч пабываў у сетцы нашых варот (2:3). Цяпер ужо “Шчучын” павінен быў даганяць саперніка і зрабіў гэта ў наступнай жа атацы. Зноў сваё слова сказаў Арцём Байгот, які аформіў хет-трык (3:3). Нічыя задавольвала нашу каманду, таму было вырашана захаваць лічбы на табло. Шчучынцы сталі менш рызыкаваць і гуляць асцярожна. Чаго не скажаш пра смаргонцаў, якія на апошніх хвілінах знялі свайго варатара ў надзеі на колькасную перавагу ў чужой штрафной. Аднак наша дружына выстаяла і захавала нічыйны лік 3:3.

 

 

Такім чынам, па выніках напружанага супрацьстаяння ФК “Шчучын” выйшаў у другі за гэты год фінал, у якім сустрэнецца з “Мастамі”.

 

 

Кампетэнтна

 

Галоўны трэнер шчучынцаў Дзмітрый Кірылаў:

 

– У мінулым сезоне “Шчучын” і “Масты” змагаліся за бронзу чэмпіянату, сёлета – за галоўны трафей. Як думаеце, за кошт чаго адбыўся рост нашай каманды?

 

– Па-першае, падрасла наша моладзь, яны дабавілі майстэрства. Таксама мы запрасілі некалькі кваліфікаваных гульцоў з іншых каманд. За кошт гэтага адбыўся прагрэс.

 

– Ці ў аптымальным складзе і форме каманда падыходзіць да фінальнай гульні з “Мастамі”?

 

– На жаль, да галоўнага матча ў сезоне мы падыходзім не ў лепшых кандыцыях. Хтосьці атрымаў траўму, у кагосьці не атрымліваецца прыехаць на матч па сямейных абставінах. Ёсць страты, таму гульня будзе цяжкай.

 

– Ці можна гэты сезон ужо назваць самым паспяховым у гісторыі клуба? Выйгралі кубак, выйшлі ў фінал чэмпіянату…

 

– Апошні раз трафей у вялікім футболе мы выйгравалі больш за дваццаць гадоў таму, перамога ў Кубку вобласці – вялікае дасягненне. Калі возьмем трафей чэмпіянату, то гэта, безумоўна, будзе лепшы сезон. Бо сёлета мы яшчэ сталі чэмпіёнамі вобласці па міні-футболе, узялі трэцяе месца на рэспубліканскім чэмпіянаце па пляжным футболе.

 

 

– Па сутнасці шчучынская каманда ўдзельнічае ў спаборніцтвах па трох відах спорту. Якія складанасці накладае гэты факт?

 

– Так, некаторыя нашы гульцы задзейнічаны адразу ў трох відах спорту. Асноўныя складанасці ўзнікаюць, калі каляндар спаборніцтваў накладваецца адзін на другі. Я лічу, што ў гэтым сезоне ў нас атрымалася вырашыць гэтую праблему. У першую чаргу дзякуючы глыбіні складу. Атрымалася роўна прайсці чэмпіянат і кубак.

 

– Як вядома, сёлета ў Мастах назіраецца футбольны бум. Пасля рэканструкцыі стадыёна матчы мясцовай каманды збіраюць такую колькасць гледачоў, што могуць пазайздросціць некаторыя каманды вышэйшай лігі. Наколькі цяжка гуляць пад ціскам мастоўскіх заўзятараў?

 

– Зразумела, што гуляць цяжэй, бо мастоўскія заўзятары будуць гнаць сваю каманду наперад. Але ў той жа час вельмі прыемна, што столькі людзей цікавяцца футболам. На матчах у Мастах пануе цудоўная атмасфера, я думаю, што гэта стане і дадатковай матывацыяй для нашых хлопцаў.

 

– Ці чакаеце вы, што ў Масты прыедзе шмат шчучынскіх фанатаў?

 

– Безумоўна, упэўнены, што і мы без падтрымкі не застанемся. На фінале кубка ў Мастах ужо збіралася шмат нашых заўзятараў. Было прыемна. Таму я запрашаю ўсіх людзей, якія цікавяцца шчучынскім футболам, прыехаць падтрымаць нас у суботу.

 

Нагадваем нашым чытачам, што ў суботу, 28 верасня, ў 16:00 адбудзецца фінал Чэмпіянату Гродзенскай вобласці па футболе – 2024. Матч пройдзе на стадыёне “Нёман” у Мастах. У нядзелю, 29 верасня, на стадыёне “Алімп” у Шчучыне продзе матч рэспубліканскага этапу Другой лігі. Прыходзьце падтрымаць родную каманду!

 

Алег ШЫШЛОЎСКІ.

Фота аўтара і Крысціны БАЙГОТ.

 
Подписывайтесь на нас в Telegram и Viber!