Падводзім вынікі спаборніцтваў. У Шчучыне завяршыўся чэмпіянат раёна па міні-футболе 2023 года
Нядаўна завяршыўся чэмпіянат Шчучынскага раёна па міні-футболе 2023 года. Па традыцыі, спаборніцтвы выклікалі вялікую цікавасць у аматараў спорту. А фінальныя гульні падарылі заўзятарам масу эмоцый і прыгожы футбол.
Сёлета ў адкрытым чэмпіянаце ўзялі ўдзел дзевяць каманд. Дружыны “Васілішкі”, “Аўтапровад”, “Шчучынская ЦРБ”, “Шчучынская МПМК-167”, “РАУС-Дынама”, “ІнвестБел” і “Айсбер” прадставілі наш раён. Таксама ў барацьбе за трафей удзельнічалі гасцявыя каманды ФСК “Скідзель” і МФК “Байцоў” з Ваўкавыска.
У заключную частку турніру трапілі чатыры каманды: “ІнвестБел”, “РАУС-Дынама”, ФСК “Скідзель” і “Шчучынская МПМК-167”. Менавіта гэтыя калектывы змагаліся за п’едэстал спаборніцтваў.
У матчы за трэцяе месца сышліся скідзельцы і прадстаўнікі каманды “МПМК-167”. Матч выдаўся напружаным і трымаў інтрыгу да канца. Асноўны час сустрэчы скончыўся з лікам 4:4. Лёс бронзавых медалёў вырашыўся ў серыі пасляматчавых пенальці ў якой мацнейшымі былі футбалісты “МПМК-167”.
Фінал турніру таксама быў багаты на вострыя моманты. У гэтым матчы з лікам 3:1 “ІнвестБел” перамог сапернікаў з “РАУС-Дынама” і такім чынам заваяваў залатыя медалі.
Па выніках турніру прызавыя месцы размеркаваліся наступным чынам: Бронза спаборніцтваў дасталася “МПМК-167”, срэбнымі прызёрамі сталі футбалісты “РАУС-Дынама”, а пераможцамі былі прадстаўнікі каманды “ІнвестБел”.
Таксама па выніках спаборніцтваў былі адзначаны персанальныя вынікі футбалістаў. Так, галоўным бамбардзірам турніру стаў гулец ФСК “Скідзель” Мікалай Ганчыцкі, у яго актыве 26 забітых мячоў. Вадзім Калечыц з “РАУС-Дынама” быў прызнаны найлепшым варатаром, а Арцём Байгот з “МПМК-167” – лепшым нападаючым. Прыз найлепшага гульца турніру дастаўся Аляксандру Кірылаву з каманды “ІнвестБел”.
Алег ШЫШЛОЎСКІ.
Фота Віталіі Леляўка.