Вынікі футбольных выхадных. Расказваем аб тым, як згуляў МФК “ФСК Шчучын” у кубку краіны і чэмпіянаце вобласці

 

На выхадных шчучынскім аматарам футбола было чым заняцца, бо наша каманда “ФСК Шчучын” правяла ажно дзве афіцыйныя гульні за два дні. Гэта стала магчыма дзякуючы выступу міні-футбольнага клуба ў двух турнірах – чэмпіянаце Гродзенскай вобласці і Кубку Беларусі па міні-футболе. Аб тым, як згуляла каманда, раскажам зараз.

 

Першы матч адбыўся ў суботу на пляцоўцы спарткомплексу па вуліцы Авіятараў у Шчучыне.  Наша каманда прымала гасцей з Магілёўскай вобласці МФК “Сялец”, гульня праходзіла ў рамках 1/16 Кубка Беларусі па міні-футболе.

 

 

Каманда з Магілёўшчыны была створана ў 2022 годзе, аднак ужо паспела стаць салідным калектывам. Летась “Сялец” стаў пераможцам чэмпіянату Магілёўскай вобласці, а зусім нядаўна дадаў у скарбонку трафеяў яшчэ і кубак вобласці. Тое, што “Шчучын” прымаў саперніка дома, было значным плюсам для нашай каманды. Вядома ж, доўгая дарога магла адбіцца на фізічным стане гасцей. Матч абяцаў быць цікавым і таму сабраў на трыбунах даволі шмат гледачоў.

 

 

Гульня пачалася з упэўненай гульні гасцей. “Сялец” атакаваў часцей і прымушаў шчучынцаў абараняцца каля сваіх варот. Наша каманда адбівалася і паступова сама пераходзіла на чужую палову пляцоўкі. Да сярэдзіны першага тайма гульня выраўнялася, і каманды мелі адносна роўную колькасць небяспечных момантаў. Аднак вастрэй атакавалі госці, што дазволіла ім забіць за некалькі секунд да канца тайма.

 

У другім тайме гульня таксама была адносна роўнай, каманды па чарзе атакавалі і абараняліся, але зноў жа больш шанцовымі аказаліся футбалісты каманды “Сялец”, якія на 29-й хвіліне забілі і падвоілі перавагу. Аднак хутка і шчучынцы аформілі выніковую атаку, зрабіўшы лік на табло 1:2. Пасля гэтага наша каманда пачала забіраць ініцыятыву. Пазіцыйныя камбінацыі, хуткія прарывы па фланзе, дальнія ўдары – нішто з гэтага не дапамагала гаспадарам пляцоўкі зраўняць лік. А вось госці з Магілёўскай вобласці наадварот умела абараняліся і за чатыры хвіліны да канца гульні забілі трэці мяч у вароты шчучынцаў.

 

 

З гэтага моманту пачаўся самы цікавы і эмацыйны адрэзак сустрэчы. Разумеючы, што часу, каб адыграцца, становіцца ўсё менш, “Шчучын” мяняе варатара на палявога гульца і ідзе ўсімі сіламі ў атаку. Госці заціснуліся каля варот і адбіваліся як маглі, асабліва гераічна ратаваў сваю каманду галкіпер, які цягнуў, здавалася б, “мёртвыя” мячы. За хвіліну да канца сустрэчы футбаліст “Сяльца” груба парушыў правілы за што быў выдалены. Застаўшыся ў меншасці, каманда з Магілёўшчыны ўжо не мела магчымасці выйсці з абароны, заставалася толькі парыраваць напады. Шчучын жа біў па варотах ледзь не кожную секунду, але мяч ніяк не ляцеў у сетку. За трыццаць секунд да канца гульні зноў прыходзіцца жорстка фаліць гасцям, суддзя паказвае ўжо другую чырвоную картку за хвіліну. Абстаноўка на пляцоўцы накаляецца. Застаўшыся без двух футбалістаў, “Сялец” усё ж змог правесці кароткі фінальны адрэзак без прапушчаных мячоў.

 

У выніку з лікам 1:3 перамогу ў матчы меў калектыў з Магілёўшчыны.

 

 

Пасля звышэмацыйнай гульні ў Шчучыне, на наступны ж дзень нашу каманду чакала сустрэча чэмпіянату вобласці на выездзе супраць “СВК Путрышкі”. “Путрышкі” – сапернік значна лягчэйшы за “Сялец”, аднак стомленасць ад двух матчаў за два дні магла негатыўна адбіцца на гульні.

 

Тым не менш “Шчучын” упэўнена разабраўся з сапернікам з Путрышак. Першы тайм скончыўся з лікам 2:4 на карысць нашай каманды. У другім тайме нашы хлопцы аформілі яшчэ тры галы і ў выніку перамаглі з лікам 2:7.

 

 

Такім чынам, па выніку чатырох тураў чэмпіянату Гродзенскай вобласці МФК “ФСК Шчучын” мае перамогі ва ўсіх матчах і працягвае займаць першае месца турнірнай табліцы групы “Поўдзень”.

 

Алег ШЫШЛОЎСКІ.

Фота аўтара.

 
Подписывайтесь на нас в Telegram и Viber!