Чэмпіён раёна вызначаны. Падводзім вынікі адкрытага чэмпіянату Шчучынскага раёна па міні-футболе 2024 года (+ВІДЭА)

 

На мінулых выхадных прайшлі заключныя матчы адкрытага чэмпіянату Шчучынскага раёна па міні-футболе 2024 года. Гульні праходзілі на працягу месяца і падарылі заўзятарам добрыя спартыўныя эмоцыі.

 

У сёлетнім першынстве раёна ўзялі ўдзел восем каманд: ААТ “Васілішкі”, ААТ “Аўтапровад”, ФК “Байцоў”, ІП Вербаль, ІП Кірдзік, ФК “ШчучынЛесКам”, “ІнвестБел” і ААТ “Белкард”.

 

 

Па выніках спаборніцтваў тройка прызёраў выглядае наступным чынам. Трэцяе месца ў раённым турніры з 25 ачкамі ў актыве заняла каманда “ШчучынЛесКам”. На пяць турнірных балаў бронзавых прызёраў пераўзышлі футбалісты з “Васілішак”: у іх 30 ачкоў і другое месца. Залатыя медалі чэмпіянату ўзяла дружына “ІнвестБел”, яны набралі 36 ачкоў.

 

Таксама па выніках спаборніцтваў былі адзначаны персанальныя дасягненні футбалістаў. Так, лепшым варатаром турніру быў прызнаны Вадзім Сілко, лепшым абаронцам – Максім Саўчук, у намінацыі лепшы нападнік перамог Арцём Байгот. Лепшымі бамбардзірамі турніру сталі Андрэй Тапчылка і Арцём Байгот. Прызы лепшым гульцам турніру на розных пазіцыях уручыў першы сакратар Шчучынскай раённай арганізацыі БРСМ Дзмітрый Чывіль.

 

 

– Паважаныя ўдзельнікі спаборніцтваў і заўзятары, – звярнуўся да прысутных падчас цырымоніі ўзнагароджвання загадчык сектара спорту і турызму Шчучынскага райвыканкама Дзмітрый Кірылаў. – На працягу месяца вы змагаліся за чэмпіёнства. Было бачна, што з кожнай гульнёй у многіх прыбаўляецца майстэрства, хтосьці надзвычай добра яго ўдасканальваў. Спадзяюся, што ў наступным годзе будзе больш прэтэндэнтаў на чэмпіёнства, бо сёлета да канца трымаліся толькі дзве каманды. Магчыма, ў наступным годзе зменім фармат гэтых спаборніцтваў. Дзякуй усім за ўдзел у турніры, жадаю вам шчасця, здароўя і мірнага неба над галавой.

 

 

Алег ШЫШЛОЎСКІ.

Фота аўтара.

 
Подписывайтесь на нас в Telegram и Viber!