Шчучынцы крочаць далей. Футбольны клуб “Шчучын” працягвае свой шлях да рэспубліканскага трафея ў Кубку Рэгіёнаў Беларусі

 

Футбольны клуб “Шчучын” працягвае свой шлях да рэспубліканскага трафея ў Кубку Рэгіёнаў Беларусі. У якасці чэмпіёна Гродзенскай вобласці каманда з нашага раёна трапіла ў 1/4  фінальнага турніру, дзе сустрэлася з чэмпіёнам Міншчыны “Партызанам” з Салігорска. У двух напружаных паядынках каманды высвятлялі, хто з іх будзе змагацца за трафей далей.

 

Салігорскі “Партызан” – грозная каманда, якая шмат разоў станавілася чэмпіёнам Другой Лігі і неаднаразова мела магчымасць пераходу ў Першую лігу. Аднак ад павышэння кожны раз адмаўлялася.

 

Першы матч супрацьстаяння каманды правялі ў Шчучыне. Гучная падтрымка хатніх трыбун натхняла нашых гульцоў на атакуючы футбол. Нягледзячы на статус саперніка, шчучынцы ўпэўнена адчувалі сябе на полі. Два галы за нашу каманду ў тым матчы забілі Арцём Байгот і Аляксей Піліпчык. Салігорцы ўсё ж змаглі зраўняць лік і такім чынам завяршыць матч унічыю 2:2. Лёс пуцёўкі ў паўфінал вырашаўся ў другой гульні.

 

На мінулых выхадных шчучынцы адправілася на выезд у Салігорск. Гасцявы матч не быў багатым на галы. Каманды завяршылі асноўны час з лікам 0:0. Вынік супрацьстаяння мусіў вырашацца ў серыі пенальці. Нагадаем, што сёлета “Шчучын” стаў экспертам у серыях пасляматчавых удараў. Такім чынам былі пераможаны каманды з Ваўкавыска і Свіслачы ў Кубку вобласці. Таксама па пенальці наша каманда перайграла “Масты” ў фінале Чэмпіянату вобласці. І ў матчы з “Партызанам” нашыя гульцы таксама не падвялі. Упэўненая гульня шчучынскага варатара Вадзіма Калечыца забяспечыла перамогу нашай дружыне ў гэтым матчы.

 

Такім чынам, ФК “Шчучын” выходзіць у паўфінал Кубка Рэгіёнаў Беларусі, дзе сустрэнецца з  пінскім “Стэнлесам”. У паралельным паўфінальным супрацьстаянні за выхад у фінал пазмагаюцца “Міёры” і “Камунальнік” з Белаазёрска. Зычым поспеху нашай камандзе!

 

Алег ШЫШЛОЎСКІ.

 
Подписывайтесь на нас в Telegram и Viber!