Лепшыя ў краіне. Зборная Шчучынскага раёна здабыла золата фінальных спаборніцтваў па футболе сярод сельскіх жыхароў “Залаты колас – 2023”
На выхадных Шчучын стаў месцам прыцягнення спартсменаў з розных рэгіёнаў краіны. Справа ў тым, што ў нашым райцэнтры адбыліся фінальныя спаборніцтвы па футболе “Залаты колас – 2023”, якія праводзяцца ў рамках рэспубліканскай спартакіяды сярод сельскіх жыхароў.
Прыемна, што спаборніцтвы такога высокага ўзроўню было вырашана правесці на новым штучным пакрыцці гарадскога стадыёна “Алімп”. Але яшчэ больш цешыць той факт, што пасля трыумфу на абласных спаборніцтвах гонар Гродзенскай вобласці на “Залатым коласе” абаранялі прадстаўнікі нашага раёна.
Канкурэнцыю калектыву са Шчучыншчыны склалі каманды з розных абласцей. Зборная Пухавіцкага раёна прадставіла Міншчыну, ад Магілёўскай вобласці выступілі гульцы Магілёўскага раёна, па аналогіі каманды Гомельскага і Віцебскага раёнаў прадставілі свае рэгіёны.
Спаборніцтвы пачаліся ў пятніцу і расцягнуліся на тры дні. За гэты час каманды паспелі згуляць паміж сабой. У суботу зборная Шчучынскага раёна правяла надзвычай цяжкую сустрэчу супраць дружыны з Гомельшчыны.
Увесь матч на табло трымаліся нулі, але ў канцоўцы гульні сапернікі значна актывізаваліся. За некалькі хвілін да канца сустрэчы ў вароты Шчучынцаў быў назначаны пенальці. Забіты гол мог вырашыць лёс супрацьстаяння, аднак наш брамнік, старшыня Дэмбраўскага сельсавета Міхаіл Жогла выратаваў каманду і парыраваў небяспечны ўдар. Потым у атаку пайшлі ўжо шчучынскія футбалісты, іх дзеянні прывялі да гола. Мяч у сетцы зборнай Гомельскага раёна апынуўся пасля трапнага ўдара Аляксандра Міхайлоўскага. З лікам 1:0 матч скончыўся на карысць зборнай Шчучынскага раёна.
Далей наша каманда ўпэўнена перамагла прадстаўнікоў Віцебшчыны з лікам 4:1. Вікторыяй Шчучынцаў скончылася гульня супраць футбалістаў Магілёўскага раёна, у іх вароты былі забітыя тры безадказныя мячы.
Да фінальнага матчу супраць Пухавіцкага раёна нашы хлопцы падышлі без страт: у трох матчах у іх атрымалася здабыць 9 ачкоў. Аднак для таго каб заняць першае месца ім заставалася перамагчы бадай што самага складанага саперніка.
Гульня супраць прадстаўнікоў Мінскай вобласці пачалася актыўна. Абедзве каманды атакавалі і мелі добрыя шанцы забіць. Пасля імклівага прарыву Пухавіцкая дружына зарабіла права на небяспечны штрафны ўдар каля варотаў нашай зборнай. Пасля таго, як у шчучынцаў атрымалася адбіцца, яны пайшлі ў хуткую контратаку. Варатар Пухавічан памыліўся на выхадзе, чым адразу ж скарысталіся гаспадары поля і адкрылі лік галам у матчы. У другім тайме госці з Міншчыны імкнуліся вярнуцца ў гульню, шмат атакавалі, але шчучынцы ў контратаках стваралі больш вострых момантаў і некалькі разоў маглі павялічыць галявы адрыў. Аднак да канца гульні больш ніхто не забіваў.
Такім чынам, зборная Шчучынскага раёна перамагла ў апошнім матчы і заняла першае месца ў рэспубліканскіх спаборніцтвах па футболе “Залаты колас – 2023”. Варта адзначыць, што гэта першы падобны трыумф для нашага раёна. Да гэтага Шчучынцы некалькі разоў бралі ўдзел у рэспубліканскім этапе “Залатога коласа” але ніколі не траплялі ў прызёры, а сёлета нашы футбалісты з сельскай прапіскай узялі золата турніру. Па выніках спаборніцтваў на другім месцы апынулася зборная Пухавіцкага раёна, а бронзу турніра забралі футбалісты з Гомельшчыны. Віншуем прызёраў і пераможцаў!
Рыхтаваў каманду пераможцаў да спаборніцтваў метадыст Шчучынскага раённага фізкультурна-спартыўнага клуба Анатолій Пашук. Ён ацаніў вынікі турніру:
– Сёння мы сталі сведкамі цікавай і захапляючай барацьбы. З боку абедзвюх каманд было створана мноства момантаў, але мы аказаліся больш шанцовымі, напэўна больш умелымі, бо ў канцы сустрэчы мы маглі яшчэ не адзін раз паразіць вароты саперніка. Але лік застаўся нязменным 1:0. Гэта заслужаная перамога. І першае месца ў спаборніцтвах – гэта годны вынік. Бо ўзровень футболу, які паказалі каманды ўсіх абласцей быў высокі. Не скажу што нашы хлопцы былі на галаву мацней за астатніх, але ў выніку яны аказаліся пераможцамі. З каманды варта адзначыць ветэранаў шчучынскага спорту. Гэта Міхаіл Жогла, які ўпэўнена адгуляў у варотах. Анатолій Саўк моцна цэментаваў усю сярэдзіну поля. Добра сябе зарэкамендавалі маладыя хлопцы, напрыклад Кірыл Чарняк, якому сёлета споўнілася 18 гадоў, ён правёў усе матчы без замен. У атацы сваёй гульнёй выдзяляліся жыхары аграгарадка Васілішкі Аляксандр Міхайлоўскі і Максім Пракаповіч. Увогуле ўся каманда паказала добры вынік.
Алег ШЫШЛОЎСКІ.
Фота аўтара.