Трэцяя перамога запар. МФК “ФСК Шчучын” паспяхова прадстаўляе наш раён на чэмпіянаце Гродзенскай вобласці па міні-футболе

 

І хаця за акном усё мацней усталёўваецца зімовае надвор’е, на футбольных пляцоўках адбываюцца гарачыя спартыўныя баталіі. Працягваецца чэмпіянат Гродзенскай вобласці па міні-футболе. Сёлета каманда з нашага раёна МФК “ФСК Шчучын” упэўнена праводзіць старт сезона і, па ўсім відаць, збаўляць тэмпаў не збіраецца. На гэтых выхадных шчучынскія футбалісты праводзілі хатні матч супраць зэльвенскай “Энергіі”. Сустрэча прайшла на пляцоўцы спарткомплексу па вуліцы Авіятараў і сабрала на трыбунах мясцовых заўзятараў.

 

Матч супраць “Энергіі” стаў трэцім у гэтым сезоне для шчучынцаў. Да гэтага наша каманда з упэўненым лікам перамагла слонімскі “Фарсаж” і дзятлаўскі “Граніт-Агра”. Зэльвенскі калектыў за два матчы пацярпеў дзве паразы, хаця быў блізкі да нічыйнага выніку ў матчы са скідзельскай камандай ФСК “Гродзенскі”. Улічваючы вышэйпрыведзеную статыстыку, нескладана здагадацца, што “Шчучын” падыходзіў да гульні ў статусе фаварыта.

 

 

Матч сюрпрызаў не прынёс, але падараваў заўзятарам эфектны атакуючы футбол і россып галоў. З самага пачатку гульні шчучынцы пачалі кантраляваць сітуацыю на пляцоўцы. Забіўшы пяць безадказных мячоў у вароты саперніка, “Шчучын” фактычна гарантаваў сабе перамогу. Далей каманды пачалі ўжо ўзаемна абменьвацца галамі і да канца сустрэчы “настралялі” на дваіх трынаццаць мячоў. Аднак большасць з іх забілі менавіта шчучынцы, што дазволіла ім з лікам 9:4 перамагчы ў гэтай гульні.

 

Такім чынам, пасля трох тураў чэмпіянату наша каманда працягвае захоўваць лідарства ў групе “Поўдзень”. Наступны матч шчучынцы правядуць у рамках Кубка Беларусі па міні-футболе супраць каманды “Сялец” з Магілёўскай вобласці. Гульня пройдзе 9 снежня на пляцоўцы спартыўнага комплекса па вуліцы Авіятараў.

 

Алег ШЫШЛОЎСКІ.

Фота Крысціны Байгот.

 
Подписывайтесь на нас в Telegram и Viber!