Абарона чэмпіёнскага тытулу пачалася. Шчучынцы перамаглі “ФСК Гродзенскі” ў першым туры чэмпіянату вобласці па міні-футболе (+ВІДЭА)
На мінулых выхадных распачаўся чэмпіянат Гродзенскай вобласці па міні-футболе. Сёлета каманда нашага раёна МФК “ФСК Шчучын” у статусе чэмпіёна паспрабуе абараніць высокі тытул. Першым сапернікам шчучынцаў у гэтым сезоне стаў “ФСК Гродзенскі” са Скідзеля. Матч прайшоў на пляцоўцы спарткомплексу па вуліцы Авіятараў у Шчучыне.
Як і ў мінулыя гады, каманды з Гродзенскай вобласці падзелены на дзве групы. “Шчучын” трапіў у зону “Поўдзень” дзе будзе гуляць са знаёмымі па мінулых сезонах калектывамі з Мастоў, Слоніма, Зэльвы, Ваўкавыска, Скідзеля і Ліды.
Першы матч сезона скончыўся для нашай каманды перамогай над гасцямі са Скідзеля – “ФСК Гродзенскі”. Гульня пачалася з упэўненых атак з боку гаспадароў пляцоўкі. Шчучынцы хутка ўзялі ініцыятыву і забілі двойчы. Спачатку моцным ударам пад перакладзіну мяч забіў Віталій Новік. Хутка поспех аднаклубніка паўтарыў Арцём Байгот, які на высокай хуткасці перайграў варатара скідзельцаў ілжывым замахам і закаціў мяч у пустыя вароты саперніка. Нельга сказаць, што правалены пачатак сустрэчы падкасіў дух каманды з Гродзенскага раёна, нават наадварот. Пасля прапушчаных галоў госці атакавалі ўсё часцей і ўрэшце дамагліся свайго. Да канца першага тайма футбалісты “ФСК Гродзенскі” забілі двойчы і былі блізкія да таго, каб выйсці наперад, аднак самаадданая гульня шчучынскай абароны і варатара Вадзіма Калечыца дазволіла захаваць парытэт.
У другім тайме гульня выраўнялася, пасля чаго гульцы “Шчучына” зноў пачалі дамінаваць на полі. Шчучынцы доўга не маглі рэалізаваць свае моманты, пакуль Максім Саўчук не аформіў трэці гол нашай каманды. Наступны мяч забіў таксама гулец “Шчучына”. Гэтым разам свой момант рэалізаваў навічок каманды Канстанцін Вайцяхоўскі. Апошнія хвіліны сустрэчы скідзельцы правялі ў атаках, аднак нічога зрабіць не змаглі. Матч скончыўся з лікам 4:2 на карысць шчучынскай каманды.
Наступны матч МФК “ФСК Шчучын” правядзе таксама на хатняй пляцоўцы. У госці да нашай дружыны завітае слонімскі “Фарсаж”. Гульня адбудзецца ў суботу, 30 лістапада. Прыходзьце падтрымаць нашу каманду.
Алег ШЫШЛОЎСКІ.
Фота аўтара.