Жыхары дома №32 па вуліцы Зялёнай у Шчучыне самастойна добраўпарадкавалі аўтастаянку

 

Жыхары дома №32 па вуліцы Зялёнай у Шчучыне вырашылі самастойна прывесці ў парадак аўтастаянку ў сваім двары. З гэтай ініцыятывай яны звярнуліся ў райвыканкам і заручыліся падтрымкай.

 

– Я жыву з сям’ёй у гэтым доме ўжо чацвёрты год, – гаворыць ініцыятар праекта Дзмітрый Аляшкевіч. – У нашым двары заўсёды было праблематычна прыпаркаваць аўто: у існуючым “пенале” можна размясціць толькі 2-3 машыны. Таму прапанаваў суседзям расшырыць і добраўпарадкаваць стаянку, і тыя з задавальненнем падтрымалі. Спачатку мы звярнуліся да начальніка аддзела архітэктуры і будаўніцтва райвыканкама Марыны Міхайлаўны Рудой, якая дапамагла нам скласці план-схему і аформіць неабходную дакументацыю. Затым узгаднілі праект з кіраўніцтвам РУП ЖКГ і прыступілі да добраўпарадкавання.

 

 

Двор пачаў мяняцца на вачах, бо за аднаўленне аўтастаянкі жыхары дома №32 узяліся талакою. Працавалі ў асноўным па вечарах і выхадных днях: самастойна знялі дзірван, падсыпалі ямы пяском, устанавілі бардзюры і паклалі асфальт. Дапамогу тэхнікай аказалі РУП ЖКГ і Шчучынскі філіял Гродзенскага аблспажыўтаварыства. Па завяршэнні рамонтных работ плошча стаянкі павялічылася амаль удвая і складае 234 метры. Цяпер тут без праблем размесцяцца 10 аўто.

 

 

– Як бачыце, разам можна вырашаць любыя праблемы, – перакананы адзін са старажылаў дома №32 па вуліцы Зялёнай у Шчучыне Уладзімір Цярэпа. – Хутка рыхтуюся адзначыць свой 80-гадовы юбілей. Нягледзячы на паважаны ўзрост, не змог застацца ўбаку і прыняў удзел у добраўпарадкаванні аўтастаянкі. Цяпер наш двор стаў яшчэ больш прыгожым і камфортным.

 

Аляксандр КАСПЯРЧУК.
Фота аўтара.

 
Подписывайтесь на нас в Telegram и Viber!