Матушка – мама – матуля… Штрыхі да партрэта маці пяцярых дзяцей Ксеніі Лябедзіч
Ксенію Фёдараўну Лябедзіч мне хочацца назваць Мамай з вялікай літары. Бо нарадзіць і належна выхоўваць пяцёра дзяцей – нялёгкая праца, і выклікае яна агромністую павагу ў кожнага, хто цэніць сямейныя каштоўнасці.
Дзяржава таксама ўшаноўвае і адзначае подзвіг мнагадзетнай маці. Мабыць, сёлетні год запомніцца дарослым і маленькім Лябедзічам менавіта тым, што Ксеніі Фёдараўне ва ўрачыстай “палацавай атмасферы” ўручылі ордэн Маці.
Неўзабаве мы завіталі на вуліцу Каштанавую, што знаходзіцца ў новым гарадскім мікрараёне прыватных забудоў, каб бліжэй пазнаёміцца з дамашнім укладам, дзе ўсё адпавядае класічнай формуле: сям’я – гэта сем “я”!
Дарэчы, гарадскімі яны сталі адносна нядаўна. 16 год таму галава сям’і – малады святар Аляксандр Лябедзіч – прыехаў у Першамайск, дзе стаў настаяцелем храма Пакрова Прасвятой Багародзіцы. Тады ў супружнай пары быў толькі першынец Саша. Юная жонка святара – матушка Ксенія – у свае 19 год вяла заняткі рэлігіі ў нядзельнай школе, выдатна спраўлялася (дый спраўляецца!) з абавязкамі рэгента рэлігійнай абшчыны, толькі зараз падчас набажэнстваў ужо спявае ў царкоўным хоры разам з падросшымі сынамі. Цяпер у Лябедзічаў чацвёра хлопчыкаў-школьнікаў і малютка-дачушка, якой хутка споўніцца два годзікі.
Калі сям’і Бог даў трэцяе дзіцятка, бацькі задумаліся аб будаўніцтве свайго дома ў райцэнтры, каб у рабят з’явілася больш магчымасцей для развіцця. Сапраўды, старэйшыя ахвотна наведваюць школу мастацтваў. Дзесяцікласнік Аляксандр цудоўна малюе, цікавіцца архітэктурай, як юны мастак ужо ўдзельнічае ў конкурсах самага рознага кшталту, у тым ліку – міжнародных. Акрамя таго, ён – удзельнік алімпіяд па чарчэнні.
13-гадовы Аляксей займаецца ў ДШМ па класе фартэпіяна, а 12-гадовы Ілья – выдатны скрыпач, майстэрства якога ўжо адзначаюць нават на фестывалях. Першакласнік Антон бярэ прыклад са старэйшых братоў і шукае сваю сцяжыну для творчага самавыяўлення. А ўсе разам гэтыя цудоўныя маладыя людзі проста “души не чают” у маленькай сястрычцы Ані. Носяць пяшчотную прынцэсу на руках у самым што ні ёсць прамым сэнсе. Мабыць, галоўнае, што ў гэтай дружнай ды згуртаванай сям’і на ўсіх хапае бацькоўскай дабрыні і ўвагі.
Лябедзічы заўсёды разам – на набажэнстве ў царкве, дзе хлопчыкі ўжо ўмеюць па канонах званіць у званы і дапамагаць у богаслужэнні, на трапезе за сталом, за работай, добраўпарадкоўваючы тэрыторыю ля храма ці працуючы ля дома. Літаральна ўсё спорыцца ў іх руках. А як весела тут умеюць адпачываць: дарослыя і дзеці на роўных ладзяць гульні ды забавы! Дзіўна, але Ксенія ніколі не скардзіцца на стомленасць і недахоп часу. Выглядае заўсёды цудоўна, а добразычлівая ўсмешка ёй так да твару! Кажа, што ў акружэнні дзяцей і сама іншы раз адчувае сябе гарэзлівым падлеткам.
– Мне ва ўсім мая сям’я дапамагае, – дзеліцца жанчына. – Кожны з дзяцей цвёрда ведае пра свае абавязкі. На чале з татам мы ўмеем размеркаваць свой час. Зразумела, жыццё часцяком уносіць карэктывы, тады знаходзім варыянты, каб зноў “упісацца” ў вызначаны графік, але задуманае абавязкова рэалізуем. З Божай дапамогай, з узаемападтрымкай, упартай такой мэтанакіраванасцю…
Ксенія прызналася, што не любіць стандартных рашэнняў, дый сама яна, паверце, чалавек нестандартны. Яе можна ўбачыць не толькі за швейнай машынкай (закончыла ліцэй лёгкай прамысловасці па спецыяльнасцях закройшчык і шавец), але і за рулём машыны. Больш таго – са шпаталем або шрубавёртам у руках! Яна па-майстэрску можа займацца ляпнінай на сцяне на аснове мокрай тынкоўкі, натхнёна працаваць над чарговым аўтарскім барэльефам з гіпсу. У выніку інтэр’ер памяшканняў набывае асаблівы шарм. Рукатворнымі творамі Ксеніі Фёдараўны проста немагчыма не залюбавацца: дэкаратыўны камін у гасцёўні, тут жа рэльефныя лілеі на калоне, пунсовыя ружы на сцяне над лесвіцай… Увогуле ва ўтульным доме Лябедзічаў многа прыгожага – кветак, сонца і дабрыні.
– Я люблю будоўлю і нават (вось парадокс!) кватэрны рамонт, – здзіўляе Ксенія. – Так-так, за навізну і магчымасць рэалізаваць нешта неардынарнае, люблю працаваць на зямлі! З задавальненнем займаюся ландшафтным дызайнам. Каб удасканаліць навыкі, наведвала семінары па царкоўнай фларыстыцы. Усе атрыманыя веды прымяняю на практыцы. І мне гэта надзвычай цікава. Пры азеляненні тэрыторыі вакол Першамайскай царквы Пакрова Прасвятой Багародзіцы раблю акцэнт на вечназялёных дрэвах і дэкаратыўным кустоўі, на мнагалетніх раслінах. Сэрца радуецца, калі атрымліваецца ажыццявіць чарговую задумку.
Ды што там? Нават градкі ў Ксеніі выклікаюць захапленне, бо могуць быць круглымі, як клумбы, напоўненымі не толькі гароднінай, але і кветкамі, экзатычнай зелянінай. Уявіце сабе, таматы ці капуста ў гэтай гаспадынькі суседнічаюць з яркімі аксаміткамі. Аказваецца – не толькі дзеля прыгажосці: найперш – дзеля бактэрыцыднай абароны культур! І адкуль толькі ведае падобныя “сакрэцікі” маладая, але такая мудрая жанчына?! Мабыць, мацярынскае сэрца падказвае, што і як найлепш зрабіць для карысці дзяцей, як ненадакучліва ўцягнуць іх у творчы працэс, ператварыць руціну ў суцэльны крэатыў.
Мяркую, глыбока сімвалічна, што ўступілі ў шлюб Аляксандр і Ксенія Лябедзічы ў Дзень сям’і. Знакавай стала для іх дата 15 мая 2005 года.
– Я заўсёды маліўся, каб адбылася такая сустрэча – лёсавызначальная, на ўсё жыццё, каб у мяне была вялікая і дружная сям’я, дзе няма “я” і “ты”, а дзе ёсць “мы”, – гаворыць айцец Аляксандр.
– Сям’я – гэта праца без выхадных і адпачынкаў, у тым ліку праца душы, – дапаўняе мужа матушка Ксенія.
І гэтым усё сказана.
Таццяна СТУПАКЕВІЧ.