У ААТ “Орля” завяршылі ўборку кулісных пасеваў азімай свірэпіцы і жыта

 

Пяць дзён спатрэбілася аграрыям ААТ “Орля”, каб убраць кулісныя пасевы азімай свірэпіцы і жыта. Гэту тэхналогію сяўбы культур у гаспадарцы практыкуюць ужо пяты год, і яна выдатна зарэкамендавала сябе: “паласатыя” палеткі першымі даюць збалансаваны па бялку і цукры зялёны корм для жывёлы, што станоўча адбіваецца на сярэднясутачных надоях малака.

 

Укос даверылі вопытным механізатарам Антону Сідаровічу і Аляксандру Русаку.

 

-- Напэўна, гэта самыя прыгожыя нашы палеткі, -- усміхаецца механізатар з 27-гадовым стажам Аляксандр Русак, які летась перайшоў працаваць у ААТ “Орля” з СВК “Абухава”. – Убіраць іх адно задавальненне. Нібы плывеш размерана па паласатым моры. Кормаўборачны камбайн “Палессе”, на якім працую, не новы, але ўпэўнена абкошвае да 17 гектараў за працоўную змену. Яшчэ некалькі дзён – і пачнём убіраць травы масава.

 

 

-- Пад кулісныя пасевы азімай свірэпіцы і жыта сёлета ў нас было адведзена 225 гектараў, -- гаворыць антыкрызісны ўпраўляючы ААТ “Орля” Аляксандр Козіч. – Частку свежаскошанай зялёнай масы выкарыстаем у якасці корму для буйной рагатай жывёлы, а ўбранае з 170 гектараў заложым у сіласныя ямы. Дарэчы, са змешаных палеткаў штогод нарыхтоўваем 10-15% ад агульнага аб’ёму сіласу. Сёлетняя халодная вясна не вельмі спрыяла хуткаму росту жыта, аднак мы ўсё роўна атрымалі ўраджайнасць на ўзроўні 100 цэнтнераў з гектара.

 

Дарэчы, пасля абкосу кулісных пасеваў палеткі не будуць пуставаць: пасля ўнясення арганікі і ўзворвання тут будзе пасеяна кукуруза і эспарцэт – кармавая расліна, якая характарызуецца высокай ураджайнасцю і спажыўнасцю, таму выдатна падыходзіць для кармлення жывёлы.

 

 

-- За апошнія пяць гадоў мы ўвялі ў севазварот шмат новых культур, -- зазначае Аляксандр Уладзіміравіч. – Гэта люцэрна, баркун, канюшына, румакс, аўсяніца, бабовыя, якія даюць добры ўраджай. Як толькі травы як след падрастуць – будзем нарыхтоўваць сянаж. Думаю, пачнём першы ўкос ужо ў канцы мая. А пакуль праводзім перазалужэнне, сеем аднагадовыя травы. Пагалоўе буйной рагатай жывёлы ў нашай гаспадарцы налічвае 5 тысяч, з якіх 1388 галоў – гэта дойны статак. Каб цалкам забяспечыць жывёлу якаснымі кармамі, сёлета неабходна нарыхтаваць каля 28 тысяч тон сіласу, 15,5 тысячы тон сенажу і 700 тон сена. Упэўнены, у нас гэта атрымаецца!

 

Аляксандр КАСПЯРЧУК.

Фота аўтара.

 
Подписывайтесь на нас в Telegram и Viber!