Час закладваць новы ўраджай

Яшчэ нядаўна на полі філіяла “Жалудоцкі агракомплекс”, якое раскінулася ля вёскі Яселевічы, каласілася хлебная ніва. Зернеўборачныя камбайны пакінулі тут пасля сябе 120 гектараў іржышча, якое і заворвае вопытны механізатар Антон Антонавіч Корка. 

 

– Майму энерганасычанаму трактару МТЗ-3022 ідзе ужо 11 сезон, аднак ён як след дагледжаны і выдатна спраўляецца з пастаўленай задачай, – зазначае Антон Антонавіч. – З дапамогай плуга шырынёй 3,2 метра ў дзень узворваю да 20 гектараў зямлі. Глыбіня апрацоўкі глебы згодна з тэхналагічнымі нормамі складае 22 сантыметры.

 

У першую чаргу жалудоцкія механізатары заворваюць тыя палеткі, якія хутка плануецца засеяць азімым рапсам. Пад гэтую культуру ў гаспадарцы адведзена 500 гектараў, з якіх 470 гектараў ужо падрыхтаваны для закладкі новага ўраджаю. Сеяць азімы рапс мясцовыя аграрыі пачнуць ужо праз некалькі дзён.

 

– Каб насенне ўзышло, мы ўдабраем глебу мінеральнымі ўгнаеннямі, – гаворыць выконваючы абавязкі галоўнага агранома філіяла “Жалудоцкі агракомплекс” Алег Эдуардавіч Лісай. – Менавіта пад азімы рапс на кожны гектар уносім 180 кілаграмаў калію і 50 кілаграмаў фосфару. Пасля аператыўна заворваем палі. Гэтую работу праводзяць чатыры трактары ў счэпцы з плугамі. Усяго нам прадстаіць узараць 1900 гектараў, якія будуць засеяны азімымі зерневымі культурамі. 

 

Акрамя ворыва, жалудоцкія аграрыі актыўна вывозяць салому з палеткаў. 

 

– Штодзень у поле выходзяць пяць прасаў, якія скручваюць салому ў цюкі вагой 250 кілаграмаў і абмотваюць шпагатам, – працягвае Алег Эдуардавіч. – Дзякуючы такой тэхналогіі яна не прамакае і выдатна захоўваецца. Затым мы вывозім цюкі з поля і складваем у скірды ля фермаў. Сабраная салома пойдзё на падсцілку буйной рагатай жывёле.

 

Не за гарамі ўборка кукурузы, таму механізатары філіяла “Жалудоцкі агракомплекс” прыводзяць у парадак кормаўборачныя камбайны, каб своечасова і без збояў убраць вырашчаны ўраджай. 

 

Аляксандр КАСПЯРЧУК.

Фота аўтара.