М.В. Нікалаеў: “Хто адчуў смак чытання, той ужо ніколі не развітаецца з кнігай”

У Расійскай нацыянальнай біблія­тэцы ў Санкт-Пецярбургу захоў­ваецца самая вялікая калекцыя кніг беларускага першадрукара Францыска Скарыны: тры поўныя камплекты “Бібліі рускай”, а таксама “Апостал”, “Малая падарожная кніга” і “Псалтыр”. Аднак мала хто ведае, што аддзел рэдкіх кніг тут узначальвае наш зямляк – доктар філалагічных навук М.В. Нікалаеў.

– Я нарадзіўся ў Шчучыне ў сям’і ваеннага лётчыка і пражыў у гэтым утульным горадзе чатыры гады, – расказвае Мікалай Віктаравіч. – Нягледзячы на зусім малы ўзрост, шмат што запомніў: прагулкі з бацькам ля гарадскога возера, паходы на лётную пляцоўку, дзе стаялі самалёты. Мне, маленькаму хлопчыку, было вельмі цікава назіраць за палётамі стальных птушак, хаця гул іх рухавікоў моцна пужаў. 
Неўзабаве сям’я Нікалаевых пераехала ў Навагрудак, дзе і прайшлі школьныя гады Мікалая Віктаравіча.
– Яшчэ ў пачатковых класах я пачаў цікавіцца гісторыяй, – дзеліцца наш суразмоўца. – У той час, калі мае аднагодкі марылі пра палёты ў космас, я хацеў стаць археолагам. У вольны час шмат чытаў, а аднойчы нават выменяў свае хлапчуковыя багацці (царскі сярэбраны рубель і трафейную нямецкую запальнічку) на старую, 1929 года выдання, кнігу Вацлава Ластоўскага па гісторыі беларускай кнігі. Напэўна, тады і вызначыўся са сваім будучым прафесійным шляхам.
Пасля заканчэння школы М.В. Нікалаеў паступіў у Беларускі дзяржаўны ўніверсітэт на гістарычны факультэт. Атрымаўшы дыплом, год настаўнічаў, а потым працаваў у Інстытуце археалогіі ў Ленінградзе. Спроба паступіць у аспірантуру скончылася няўдачай, і каб не чакаць упустую цэлы год да наступных уступных экзаменаў, Мікалай Віктаравіч часова ўладкаваўся ў бібліятэку ў аддзел рэдкай кнігі. Гэты момант і стаў лёсавызначальным у яго кар’еры. 
– Прафесія кнігара зацягнула з галавой, – прызнаецца М.В. Нікалаеў. – Я атрымаў доступ да сапраўднай скарбніцы кнігадрукавання. Тут захоўваюцца кнігі Францыска Скарыны, Сымона Буднага, амаль усіх беларускіх сярэднявечных друкарняў, фаліянты з бібліятэк Радзівілаў, Сапегаў, а таксама розных манастыроў.
Так Мікалай Віктаравіч асеў у Ленінградзе. І вельмі хутка зразумеў, што ён далёка не першы беларус, які пусціў карані ў гэтым прыгожым горадзе. 
– Каб быць у курсе ўсіх літаратурных навінак, я падпісаўся на мінскі штотыднёвік “Літаратура і мастацтва”, – дзеліцца навуковец. – Аднойчы на пошце памыліліся з дастаўкай і прынеслі мне беларускія газеты, адрасаваныя ў Купчына – “хрушчоўскі раён”, дзе я неяк здымаў кватэру ў 70-х гадах. Вырашыў не вяртаць пасылку ў аддзяленне сувязі, а сам знайсці адрасатаў, а заадно і пазнаёміцца з імі. Моцнае ўражанне пакінулі сустрэчы з беларусамі-пецярбуржцамі: гісторыкам Валянцінам Грыцкевічам, дачкой акадэміка Максіма Гарэцкага Галінай Максімаўнай, прафесарам медыцыны Мікалаем Гурыным, генералам Леанідам Сланеўскім. Усе яны – спадчыннікі нашай старой інтэлігенцыі, таму размаўлялі паміж сабой выключна па-беларуску, а іншымі мовамі карысталіся толькі на працы. Менавіта ў іх я пераняў уменне маўчаць і слухаць іншых.
У 1989 годзе М.В. Нікалаеў удзельнічаў у стварэнні Беларускага грамадска-культурнага таварыства, якое стала першым у горадзе на Няве аб’яднаннем суайчыннікаў з 1917 года.
– Беларуская дыяспара ўвесь час расла: ад 3 тысяч чалавек у 1900 годзе да 70 тысяч – у 1910 годзе, – зазначае Мікалай Віктаравіч. – У пачатку ХХ стагоддзя беларусы былі самай вялікай нацыянальнай дыяспарай Пецярбурга, па колькасці жыхароў уступаючы толькі рускім. Самымі вядомымі нашымі землякамі ў гісторыі гэтага горада ў ХІХ – пачатку ХХ стагоддзя сталі міністр фінансаў Расійскай імперыі Міхаіл Врончанка з Копысі, генерал-фельдмаршал Іосіф Гурко з Магілёўшчыны, падарожнікі Мікалай Пржэвальскі і Пётр Казлоў са Смаленшчыны, філосаф Мікалай Лоскі з Віцебскай губерніі, архітэктар Апалінарый Красоўскі з Віленскай губерніі і многія іншыя.
У сваіх даследаваннях М.В. Нікалаеў прыйшоў да высновы, што Пецярбург адыграў важную ролю ў развіцці беларускай культуры. Менавіта тут, на берагах Нявы, друкаваліся першыя кнігі Янкі Купалы, рукой Браніслава Тарашкевіча пісалася першая беларуская граматыка, намаганнямі Яўфіма Карскага акрэсліваліся этнаграфічныя межы Беларусі, а Дзмітрый Жылуновіч і Аляксандр Чарвякоў закладалі асновы беларускай савецкай дзяржаўнасці.
– Лічыцца, што сучасную беларускую літаратурную мову сфарміравалі пісьменнікі пачатку ХХ стагоддзя, і ў першую чаргу – Янка Купала і Якуб Колас, – падкрэслівае Мікалай Віктаравіч. – Між тым і петраградскія беларусісты займалі заўважнае месца ў беларусазнаўстве таго часу. Вялікім аўтарытэтам карысталіся прафесары Яўфім Карскі і Браніслаў Эпімах-Шыпіла. Ардынарны акадэмік Імператарскай Расійскай акадэміі навук па аддзяленні рускай мовы і славеснасці Аляксей Шахматаў падтрымаў маладога філолага Браніслава Тарашкевіча, якога пакінулі на кафедры рускай мовы для падрыхтоўкі да прафесарскага звання і напісання беларускай граматыкі. А ў маі 1918 года выкладчык Петраградскага ўніверсітэта Браніслаў Тарашкевіч, аўтар толькі што выданай у Вільні “Беларускай граматыкі”, стаў загадчыкам культурна-асветніцкага аддзела Петраградскага аддзялення Беларускага нацыянальнага камісарыята.
Будучы доктарам філалагічных навук, М.В. Нікалаеў працягвае актыўную навуковую дзейнасць. Пры яго непасрэдным удзеле рэалізаваны шэраг міжнародных праектаў, у тым ліку з Нацыянальнай бібліятэкай Беларусі, праведзена даследаванне, бібліяграфічная і віртуальная рэканструкцыя каштоўных кніжных помнікаў. Мікалай Віктаравіч з’яўляецца аўтарам шматлікіх манаграфій па беларускай культуры: «Палата кнігапісная», «Беларускі Пецярбург», «Кніжная культура Вялікага Княства Літоўскага», «Кніга цудаў Наваградскай іконы Багародзіцы як помнік гісторыі XVII стагоддзя» і іншых. За высокія дасягненні ў даследаванні беларускай гісторыі і культуры ён быў адзначаны ордэнам Святога Кірыла Тураўскага ІІ ступені ад Беларускай праваслаўнай царквы. 
– Магчыма, хтосьці лічыць, што друкаваная кніга хутка стане перажыткам мінулага і на змену ёй прыйдуць лічбавыя носьбіты, але гэта не так, – перакананы М.В. Нікалаеў. – Яна будзе запатрабавана заўсёды, бо тоіць у сабе асаблівую энергетыку: незабыўны пах паліграфіі, тактыльнае адчуванне прыгожага пераплёту ў руках, ціхае шапаценне старонак… Хто адчуў смак чытання, той ужо ніколі не развітаецца з кнігай!
Аляксандр КАСПЯРЧУК. 

 
Подписывайтесь на нас в Telegram и Viber!