Экскурсіі на польскай, англійскай і літоўскай мовах будуць праводзіць у Шчучынскім раёне
Аб гэтым паведаміла начальнік аддзела ідэалагічнай работы, культуры і па справах моладзі райвыканкама Т.В. Ганчарук на выніковым пасяджэнні работнікаў сферы культуры Шчучынскага раёна, удзел у якім прынялі намеснік старшыні райвыканкама А.В. Пасюта і галоўны спецыяліст аддзела ідэалагічнай работы, культуры і па справах моладзі К.Ч. Дзенуць.
2018 год быў багатым на святочныя падзеі: сярод іх – правядзенне брэндавых і традыцыйных мерапрыемстваў, арганізацыя канцэртаў зорак эстрады, з’яўленне тэатральных пастановак на сцэне раённага цэнтра культуры і народнай творчасці. У будучым колькасць брэндавых мерапрыемстваў павінна вырасці да дваццаці. Асаблівая ўвага будзе нададзена падрыхтоўцы маштабных мерапрыемстваў да 75-годдзя вызвалення Беларусі ад нямецка-фашысцкіх захопнікаў, 75-годдзя ўтварэння Гродзенскай вобласці, 80-годдзя ўз’яднання Заходняй Беларусі з БССР і іншых.
Мінулы год прынёс і шматлікія перамогі – калектывы Шчучыншчыны прынялі актыўны ўдзел у 23 фестывалях і конкурсах, дзе былі ўдастоены 16 дыпломаў розных ступеняў. За перыяд 2017/2018 навучальнага года ў міжнародных, рэспубліканскіх і абласных конкурсах (фестывалях) прынялі ўдзел 178 вучняў дзіцячай школы мастацтваў, імі заваявана 89 узнагарод.
Калектыў дзяржаўнай установы культуры “Шчучынская раённая бібліятэка імя Цёткі“ ў мінулым годзе быў узнагароджаны Ганаровай граматай Гродзенскага абласнога выканаўчага камітэта за значны ўклад у выхаванне падрастаючага пакалення, дасягненні ў сацыяльна-культурнай і грамадскай дзейнасці. Важкай стала перамога ў рэспубліканскім конкурсе на лепшую практыку дзейнасці органаў мясцовай улады ў рэалізацыі дзяржаўнай культурнай палітыкі ў намінацыі “Лепшы сельвыканкам“ Васілішкаўскага сельскага выканаўчага камітэта.
У пачатку 2018 года Вандзе Канстанцінаўне Машкевіч і Марыі Міхайлаўне Карповіч з Ракавіцскага Дома культуры прысвоены статус “народны майстар“. Чакаем добрых навін і ў гэтым годзе: у Міністэрства культуры Рэспублікі Беларусь ужо перададзены пакет дакументаў на ўключэнне танца “Дэмбраўская кадрыля“ ў дзяржаўны спіс нерухомай спадчыны Беларусі.
Таццяна Васільеўна расказала пра кадравае забеспячэнне і ўмацаванне матэрыяльна-тэхнічнай базы культурнай сферы раёна, завастрыла ўвагу на прыцягненні маладых кадраў, скарачэнні іх цякучасці, забеспячэнні выканання плана пазабюджэтных сродкаў, актывізацыі работы па прыцягненню спонсарскай дапамогі, неабходнасці павышэння ўзроўню адукацыі таленавітых шчучынцаў.
Сёлета будзе працягнута падрыхтоўка дасье для ўключэння царквы ў вёсцы Мураванка ў Спіс сусветнай спадчыны ЮНЕСКА, пачнецца распрацоўка стратэгіі развіцця музейнай справы ў раёне. Ужо ў красавіку плануецца адкрыць у Шчучынскім цэнтры культуры музейную экспазіцыю, прысвечаную савецкай эпоcе. У сувязі з пашырэннем зоны дзеяння бязвізавага рэжыму на Шчучынскі раён працягнецца праца па перакладзе экскурсій на польскую, англійскую і літоўскую мовы.
Урачыстым момантам выніковай сустрэчы стала цырымонія ўзнагароджання лепшых работнікаў сферы культуры раёна – ганаровыя граматы і падзякі ім уручылі А.В. Пасюта і Т.В. Ганчарук.
Юлія ЦІМАШЧУК.
Фота аўтара.