Малюнак з агеньчыкам. У Палацы творчасці працуюць новыя выставы
Традыцыйна ў студзеньскія дні, калі адзначаецца Дзень выратавальніка, пачынае працаваць раённая выстава дзіцячых творчых работ “Выратавальнікі вачыма дзяцей”.
Не стаў выключэннем і гэты год. На другім паверсе Шчучынскага палаца творчасці дзяцей і моладзі зноў прадстаўлены малюнкі і арыгінальныя паробкі на “пажарную” тэму, выкананыя рукамі рабят.
– Хачу падкрэсліць, што гэта не толькі выстава, а творчы конкурс, у якім удзельнічаюць работы вучняў усіх устаноў адукацыі нашага раёна, – гаворыць інспектар інспекцыі нагляду і прафілактыкі Шчучынскага РАНС Дзмітрый Юр’евіч Пракаповіч. – У кожнай з намінацый будуць адабраны лепшыя работы, якія прадставяць наш раён на абласным этапе рэспубліканскага конкурсу.
А з панядзелка педагогі і выхаванцы Палаца творчасці запрашаюць на фотавыставу “Зімовая казка”, якая размесціцца ў фае і будзе дзейнічаць да 31 студзеня. Арыгінальныя фотаздымкі прыгожых зімовых пейзажаў і не толькі прадставяць члены гуртка “Свет вакол нас”, якім кіруе педагог дадатковай адукацыі Людміла Мікалаеўна Немна.
Ганна РУДСКАЯ.
Фота аўтара.