Гаварыць па-беларуску вучаць у дашкольным цэнтры развіцця дзіцяці аграгарадка Васілішкі
– Дзень добры! – шчыра вітае мяне на беларускай мове намеснік загадчыка па асноўнай дзейнасці дашкольнага цэнтра развіцця дзіцяці аграгарадка Васілішкі Алена Эдвардаўна Жолік. І адразу тлумачыць:
– Сёння, як і кожны чацвер, у нас праходзіць акцыя “Гавары са мной па-беларуску!”. Мы праводзім заняткі на роднай мове, размаўляем паміж сабой і плануем расклад заняткаў па-беларуску. Такім чынам імкнёмся прывучаць нашых выхаванцаў з ранняга дзяцінства ведаць, шанаваць і паважаць мову сваіх продкаў, знаёміцца з гісторыяй сваёй малой радзімы. І ўсё гэта адбываецца ў адпаведнасці з вучэбнай праграмай дашкольнага выхавання. Для дзетак, пачынаючы з сярэдняга ўзросту – ад чатырох годзікаў – праводзяцца спецыяльна арганізаваныя віды дзіцячай дзейнасці: заняткі, гульні-заняткі.
Толькі гэта зусім не значыць, што самі маленькія выхаванцы не чуюць беларускай мовы. Мілагучная родная мова гучыць для іх, калі выхавальнікі чытаюць ім казкі і вершы па-беларуску, арганізоўваюць беларускія народныя гульні. Кожны год традыцыйна праходзяць беларускія народныя святы: увосень – “Багач”, а вясною – “Гуканне вясны”. Акрамя гэтага, дзеткі шмат малююць, прымаюць удзел у тэатралізаваных пастаноўках.
А гэты навучальны год для ўсіх выхаванцаў дзіцячага садка пачаўся з урачыстага свята, праграма правядзення якога была цалкам падрыхтавана на беларускай мове. Дарэчы, як і заўсёды, па добрай традыцыі хлопчыкі і дзяўчынкі слухалі гімн Рэспублікі Беларусь на роднай мове.
У кожнай з шасці груп дашкольнага цэнтра развіцця дзіцяці абсталяваны куточкі, прысвечаныя беларускай нацыянальнай культуры, дзе прадстаўлены кнігі на беларускай мове, розныя паробкі. Пастаянна папаўняюцца экспанаты і ў этнаграфічным куточку садка, які з задавальненнем наведваюць дзеці.
– Мы пастаянна набываем спецыяльную метадычную літаратуру для выхавальнікаў, якая дапамагае ім правільна арганізаваць заняткі з выхаванцамі па вывучэнні роднай мовы, – працягвае Алена Эдвардаўна. – Многа ў нас і нагляднага ілюстрацыйнага матэрыялу.
У мінулым навучальным годзе многія мерапрыемствы ў садку прысвячаліся 135-годдзю з дня нараджэння песняроў беларускага слова Я. Купалы і Я. Коласа. Для дзетак старэйшай групы была арганізавана выстава іх твораў.
– Любоў да беларускай мовы немагчыма выхаваць без любві да сваёй малой радзімы, – упэўнена Алена Эдвардаўна. – Таму мы знаёмім нашых дзетак з гісторыяй Васілішак, а таксама цесна супрацоўнічаем і з бацькамі. У мінулым навучальным годзе завяршылі інавацыйны праект, накіраваны на фарміраванне даверлівых адносін паміж бацькамі і дзецьмі старэйшага дашкольнага ўзросту. У рамках гэтага праекта, а таксама ў Год малой радзімы мы расказалі мамам і татам нашых дзетак пра мінулае аграгарадка і падчас бацькоўскага сходу прапанавалі ім прэзентацыю. Многія вельмі здзівіліся, даведаўшыся, што гісторыя Васілішак пачынаецца з ХIV стагоддзя.
А яшчэ ў цэнтры дзеці могуць займацца харэаграфіяй і дзіцячым ручным ткацтвам. Такія заняткі арганізаваны ў рамках аказання дадатковых платных паслуг. У шыкоўных беларускіх касцюмах, якія былі набыты дзякуючы дапамозе ААТ “Васілішкі”, хлопчыкі і дзяўчынкі часта выступаюць на розных урачыстых мерапрыемствах, выконваючы прыгожыя беларускія танцы. Займаецца цяпер з маленькімі танцорамі малады спецыяліст – музычны кіраўнік Сяргей Андрэевіч Пташынскі.
– У мінулым навучальным годзе ў садку працавалі тры падгрупы, дзе рабяты асвойвалі габеленапляценне, – гаворыць Алена Эдвардаўна. – Сёлета таксама ёсць заявы ад бацькоў на гэтую паслугу. На занятках дзеткі вучацца працаваць з ніткай – ствараюць самыя простыя беларускія ўзоры. Станкі для іх змайстравалі самі бацькі. Такі від дзейнасці вельмі карысны для дзяцей з парушэннямі мовы. Калі яны займаюцца ніткапляценнем, развіваецца дробная маторыка ручак, а адпаведна і мова дзіцяці. Так што на занятках у гуртку дзіцячага ручнога ткацтва нашы выхаванцы не толькі развіваюць свае творчыя здольнасці, вучацца ствараць беларускі арнамент, але і пачынаюць лепш размаўляць. Дарэчы, у многіх з іх першапачаткова развіта пачуццё колеру, і ў іх атрымліваюцца прыгожыя колеравыя спалучэнні.
На развітанне Алена Эдвардаўна дэманструе мне прыгожыя ўнікальныя кніжачкі-казкі ручной работы, над стварэннем якіх працавалі дзеткі разам з бацькамі. Ілюстрацыі да такіх кніжачак мамы шылі або вязалі. Сярод іншых і кніжачка-казка “Зайкава хатка”, дзе тэкст напісаны на беларускай мове.
– Да пабачэння! – дружна адказалі маленькія выхаванцы дашкольнага цэнтра развіцця дзіцяці аг. Васілішкі на мае развітальныя словы. Цудоўна, што з самага маленства яны вучацца шанаваць сваю родную мову і сваю малую радзіму.
Ганна РУДСКАЯ. Фота аўтара.