Да Хомічаў на кулічы!

Жыве ў аграгарадку Ражанка дружная і веруючая сям’я. У чысты чацвер спяшаецца ў лазню, у пятніцу посціць, у суботу не прапускае ўсяночную службу, а ў нядзелю вітае ўсіх словамі “Хрыстос уваскрэс!”. Аксана Міхайлаўна і Тадэвуш Іванавіч Хомічы не толькі расказалі журналісту “Дзянніцы”, якія велікодныя традыцыі з пакалення ў пакаленне перадаюцца ў іх сям’і, але і падзяліліся рэцэптам надзвычай смачнага кекса, які шмат гадоў таму прывезлі з Польшчы. 

У прадчуванні свята

З Аксанай Міхайлаўнай мы знаёмы не першы дзень. Гэта ветлівая жанчына вось ужо 26 гадоў працуе бібліятэкарам у Шчучынскай дзіцячай бібліятэцы. Аказалася, яна не толькі добра разбіраецца ў кнігах, але і ведае толк у велікодных кулічах. Некалькі гадоў таму яна нават прымала ўдзел у раённым фестывалі “Пасхальный кулич” і была адзначана дыпломам як адна з лепшых кулінараў. Гэты факт пацвердзіўся, як толькі я пераступіла парог дома Хомічаў.

 Паветра ў пакоі было насычана мядовым пахам кулічоў, якія красаваліся на століку. Тут жа ляжалі чырвоныя яйкі, духмяныя кекс і сочнікі… Да свята, па ўсяму відаць, Хомічы рыхтуюцца загадзя. 

– Вялікдзень для нас – свята святаў, і мы заўсёды адзначаем яго з размахам, – расказвае Аксана Міхайлаўна. – Традыцыі ўвабрала з малаком маці, якая была чалавекам веруючым. Мы жылі ў маляўнічым куточку Шчучыншчыны – Берштах. Сям’я была даволі вялікая: бацькі, дзве дачкі і два сыны. Суседзі дзіву даваліся, як гэта паспявалі Мілінкевічы і на зямлі працаваць, і гаспадарку вялікую трымаць, і ў лес па грыбы ды ягады хадзіць. А мы проста трымаліся разам і ва ўсім падтрымлівалі адзін другога.

izobrazh_029.jpg

Кулінарныя мудрасці 

 Пячы пірагі і кулічы Аксану Міхайлаўну навучыла таксама мама – Валянціна Георгіеўна Мілінкевіч. Перад святам, пакуль выпальвалася вясковая печ, Аксана старанна выбівала ў дзежцы цеста. “Біць” яго трэба было ад душы, каб падыходзіла добра. Рукі балелі, аднак смачныя пірагі і кулічы былі таго вартыя. 

Навучылася мая суразмоўца і іншыя прысмакі пячы ды гатаваць фірмовыя стравы з мяса і рыбы. Так з пакалення ў пакаленне перадаецца ў сям’і рэцэпт рыбнай юшкі з... малаком ад дзядулі Юры, які ў свой час працаваў у Берштаўскай рыбалавецкай арцелі. Аксана Міхайлаўна жартуе, што такой стравай у іх выпрабоўваюць хлопцаў і дзяўчат, якія вырашаюць звязаць сябе вузамі Гіменея і плануюць стаць членамі іх сям’і.

Сіла сям’і – у адзінстве 

Муж нашай суразмоўцы Тадэвуш Іванавіч Хоміч такое выпрабаванне прайшоў паспяхова, дзякуючы чаму ў Ражанцы з’явілася яшчэ адна сям’я. Разам Хомічы выхавалі дваіх дзяцей. Старэйшы сын Яўгеній працуе на масласырзаводзе вадзіцелем і ўжо паспеў абзавесціся сваёй сям’ёй. Аднак пра бацькоў не забывае, наведвае іх разам з жонкай Таццянай і сынам Сяргеем. Дарэчы, унук – сапраўдны гонар бабулі і дзядулі. Сяргей займаецца ў ваенна-патрыятычным клубе “Дружына” і не ўяўляе свае жыццё без гісторыі. Бабуля прызналася, што ў бібліятэцы ўнук ужо ўсе кнігі па гісторыі прачытаў! 

 Адразу знайшлі агульную мову Хомічы і з нявесткай. Таццяна аказалася чалавекам добрым і спагадлівым. А яшчэ яна, як і Аксана Міхайлаўна, любіць гатаваць, таму жанчынам заўсёды ёсць аб чым пагаварыць. Радуюцца бацькі за сына і за тое, што навучылі яго многім хатнім справам.

 – У нас мужчыны і ля пліты могуць пастаяць, і дома прыбрацца, і нарыхтоўкі на зіму назапасіць, – прызнаецца Аксана Міхайлаўна. – Ды і на агародзе я толькі саджу расаду і збіраю ўраджай, а астатнімі клопатамі займаюцца мае хлопцы. Дзякуючы такой дапамозе ёсць у мяне час, каб заняцца любімымі кветкамі і пачытаць.

Не сорамна Хомічам і за дачку. Наталля вырасла не проста прыгажуняй, але і разумніцай. Па дыпломе яна – выкладчыца хіміі і біялогіі. Зараз працуе лабарантам-мікрабіёлагам на масласырзаводзе. Падчас размовы заўважыла, што на паліцах красуюцца прыгожыя вязаныя кручком сурвэткі. Гэта – справа залатых рук дзяўчыны. Да таго ж яна выдатна іграе на фартэпіяна. 

– Па добрай традыцыі мы заўсёды пяклі велікодныя кулічы разам з дзецьмі, – гавораць мае героі. – Агульная справа вельмі аб’ядноўвае сям’ю, як і добрыя традыцыі.

izobrazh_021.jpg

Ад прадзедаў спакон вякоў… 

Радуюцца бацькі, што дзеці ведаюць, як адзначалі Вялікдзень іх бабулі і дзядулі.

Як аказалася, у Берштах да 1988 года царква была зачынена, і людзі збіраліся адзначаць свята ў доме адной вельмі веруючай жанчыны. Выносілі ўсе разам на сярэдзіну хаты абраз, маліліся шчыра, як хто ўмеў… На Вялікдзень, як толькі раніцою ў дом уваходзіў госць з чырвоным яйкам, усе прачыналіся, віталі адзін другога пацалункамі і абвяшчалі, што Хрыстос уваскрэс! 

– Ваісціну ўваскрэс! – чулася ў адказ.

 Затым усіх чакаў стол, поўны розных прысмакаў. Пост заканчваўся і на талерках з’яўляліся хатнія кілбасы, паляндвіцы і іншыя мясныя вырабы (тут выручала гаспадарка). Абавязкова чырванелі на стале яйкі, якія загадзя фарбавалі ў моцным адвары шалупіння ад цыбулі. Часам дзеці прымацоўвалі да іх маладыя лісточкі або тоненькія гумкі, што наразалі са старых камер ад веласіпедных колаў. Яйкі змяшчалі ў панчохі і фарбавалі з астатнімі. Атрымліваліся сапраўдныя велікодныя шэдэўры!

Пасля застолля дарослыя спявалі і танцавалі, частавалі хрышчоных, якія абавязкова прыходзілі на свята з падарункамі для дзяцей, і самі хадзілі ў госці. Весялілася і дзятва. Спецыяльна да свята бацькі майстравалі для дзяцей жолаб для катання яек. Вось тут і пачыналася самае цікавае. Яйкі каталі па жолабу і дзеці, і дарослыя. Той, хто выбіваў чужое – забіраў яго сабе. Была і яшчэ адна велікодная забава. Праверыўшы яйка на моц (неабходна асцярожна пастукаць ім аб зубы), хлопчыкі і дзяўчынкі пачыналі “біцца” ім. Пабітыя яйкі збіралі ў прыпол і забіралі, каб потым… падзяліцца імі з аднавяскоўцамі. Частавалі на свята валачобным суседзяў і ўсіх, хто на Вялікдзень заходзіў у хату. 

Наталля і Яўгеній і сёння добра помняць, як ездзілі да бабулі з дзядулем, куды з’язджалася ўся вялікая радня. А як толькі ў 1988 годзе ў Берштах зноў адкрыла свае дзверы для вернікаў старажытная царква, усе пачалі хадзіць на Усяночную, каб паспавядацца, прыняць прычасце Святых Хрыстовых таямніц і асвяціць ежу.

Вялікдзень – падвоеная радасць 

Сямейныя традыцыі Хомічы і сёння берагуць, па-ранейшаму спяшаюцца на Усяночную, дзеляцца “свянцоным”, пякуць кулічы, “б’юцца” яйкамі і з радасцю вітаюць гасцей у хаце.

Дарэчы, гаспадары прызналіся, што ў іх доме адзначаюць два святы. Справа ў тым, што Тадэвуш Іванавіч – з каталіцкай сям’і. Сёлета святы супалі, а значыць, і радасць падвоеная! Аксана Міхайлаўна і Тадэвуш Іванавіч шчыра віншуюць ўсіх са святам! Жадаюць міру і радасці сем’ям, шчасця і дабрабыту. 

 Хутка ў кватэры па вуліцы Шчучынскай за вялікім сталом збяруцца ўсе родныя. Не забудуць Хомічы і пра пажылых бацькоў, якіх вельмі любяць і паважаюць. А пакуль пахне ў доме кулічамі…

Ганна КАСПЕР.
Фота аўтара.

 
Подписывайтесь на нас в Telegram и Viber!