Выхаванцы Шчучынскай дзіцячай школы мастацтваў вярнуліся з перамогай з рэспубліканскага конкурсу
Выхаванцы Шчучынскай дзіцячай школы мастацтваў вярнуліся з перамогай з V Юбілейнага рэспубліканскага конкурсу маладых выканаўцаў “Беларускія таленты“, які прайшоў у сталіцы нашай краіны.
Сёлета фестываль мастацтваў “Беларускія таленты” сабраў каля 1,7 тысячы канкурсантаў з усіх рэгіёнаў Беларусі. За перамогу змагаліся вакалісты, танцоры, чытальнікі, тэатралы, інструменталісты ва ўзросце ад 4 гадоў. Гэты конкурс дае магчымасць таленавітым асобам праявіць сябе і паказаць з новага боку. Юбілейны фестываль прайшоў у сяброўскай атмасферы. На высокім узроўні была арганізацыя творчага спаборніцтва. Уразіла ўдзельнікаў і цудоўная зала рэканструяванага Мінскага гарадскога палаца культуры.
Асаблівасцю юбілейнага фестывалю стаў удзел у ім не толькі беларусаў, але расіян і ўкраінцаў. Конкурсныя выступленні ацэньвала прафесійнае журы, у склад якога ўвайшлі педагогі, артысты, заслужаныя дзеячы культуры, кампазітары і аранжыроўшчыкі, кіраўнікі творчых калектываў, прадзюсары і прадстаўнікі прэсы.
У выніку каля 230 канкурсантаў, як асобных выканаўцаў, так і калектываў, былі ўзнагароджаны дыпломамі. Сярод пераможцаў і наш ансамбль “Сонечныя ноткі“ (кіраўнікі Д.Э. Антановіч і Р.А. Русць), які стаў лаўрэатам ІІІ ступені. Данііл Чарнавокі, Ілья Руткевіч, Надзея Крамарава, Паліна Шанчук, Вольга Шандроха і Маргарыта Руткевіч атрымалі ў падарунак медалі, унікальны драўляны каляндар з картай Беларусі і сертыфікат на бясплатны ўдзел у адным з фестываляў у Балгарыі.
Гэта не адзіная перамога нашых шчучынцаў. Акрамя таго, вучань 4 класа акардэона Данііл Чарнавокі (настаўнік Р.А. Русць) стаў лаўрэатам І ступені, а вучань пятага класа баяна (настаўнік Д.Э. Антановіч) Ілья Руткевіч – лаўрэатам ІІ ступені. Рабяты атрымалі сертыфікаты-запрашэнні на ўдзел у музычных праектах: Данііл Чарнавокі – сертыфікат на бясплатны ўдзел у міжнародным фестывалі “На крылах лета ў Балгарыі”, а Ілья Руткевіч – сертыфікат на бясплатны ўдзел у міжнародным конкурсе “Национальное достояние”, які пройдзе ў горадзе Батайск. Да таго ж Данііл і Ілья атрымаюць майстар-клас ад вядомага баяніста-віртуоза Уладзіслава Плігаўкі.
Ганна КАСПЕР.
Фота аўтара.