Людміла Роліч: “Быць членам Саюза мастакоў – значыць, далучыцца да супольнасці людзей, для якіх мастацтва – гэта жыццё”

Ужо два гады, як Людміла Віктараўна Роліч настаўнічае ў Шчучынскай дзіцячай школе мастацтваў. Нядаўна ў яе жыцці адбылася адметная падзея: таленавітую дзяўчыну прынялі ў Саюз мастакоў Беларусі. Рэкамендавалі маладую творцу, сваю ўчарашнюю студэнтку, выкладчыкі Беларускага дзяржаўнага ўніверсітэта культуры і мастацтва, сярод якіх вядомы ў краіне жывапісец і графік, загадчык кафедры Рыгор Шавура. 
 А папярэднічаў гэтай неардынарнай падзеі актыўны ўдзел Людмілы ў рэспубліканскіх і міжнародных выставах. Работы мастачкі са Шчучына пабывалі ў галерэях Мінска, Масквы, Лондана. 
З самага дзяцінства яе акружала прыгажосць. Мама, Вольга Міхайлаўна Роліч – метадыст аддзела рамеснай дзейнасці і народнага мастацтва ЦКіНТ, заўжды ўмела здзівіць сваімі неверагоднымі вырабамі. Яна вяжа, шые, вышывае – і робіць гэта сапраўды па-майстэрску! Вось і дачка з маленства цягнулася да творчасці, цудоўна малявала, самастойна запісалася ў Шчучынскую ДШМ і стала паспяхова займацца на мастацкім аддзяленні. 


 – З удзячнасцю ўспамінаю сваіх педагогаў Галіну Прохараўну Бяляўскую і Святлану Віктараўну Бярозкіну, – гаворыць Людміла. – Сёння ўжо мая чарга перадаць хлопчыкам і дзяўчынкам тыя веды, якія набыла калісь у гэтых сценах, а пасля каласальна дапоўніла і развіла ва ўніверсітэце, куды на бюджэтную форму навучання паступіла адразу пасля заканчэння СШ №3 г. Шчучына.
Студэнцкае жыццё – гэта асобная старонка ў творчым росце нашай гераіні. Там пад уплывам любімых педагогаў дзяўчына зрабіла свой выбар і зараз з гонарам канстатуе: “Я – габеленшчык! Вядома, і жывапісам, і графікай мне цікава займацца. Але сваю дыпломную работу прысвяціла менавіта габелену, уручную выткаўшы габеленавы трыпціх “Галасы”. Вось і зараз выношваю новую задумку, звязаную з ткацкай работай па матывах беларускай міфалогіі.” 


Выкладчыкі ўніверсітэта – дзеючыя мастакі, сябры-студэнты з іх крэатыўнымі ідэямі, а яшчэ выставы, пленэры, вандроўкі па знакавых мясцінах роднай Беларусі і замежжа – усё гэта натхняла, фарміравала Людмілу Роліч як асобу. Адметны след пакінуў тур па Еўропе, арганізаваны ўніверсітэтам: цэлы тыдзень творчы люд рабіў нататкі ды замалёўкі на вуліцах і плошчах, у скверах і кавярнях, ля велічных славутасцей і ў каларытных дворыках Берліна, Парыжа, Амстэрдама…
 – Вынікам гэтых яркіх уражанняў была вялікая выстава нашых работ у Мінску ў Нацыянальнай бібліятэцы, – распавядае мастачка. – Я і зараз асобныя сюжэты сваіх твораў чэрпаю з успамінаў таго падарожжа, як, дарэчы, і пленэраў, што праходзілі ў Мірскім і Нясвіжскім замках. І хоць студэнцтва ўжо за плячыма, мы з сябрамі-аднакурснікамі па-ранейшаму шмат падарожнічаем па Беларусі, абменьваемся досведам, дзелімся ідэямі. У маладзёжнай секцыі Беларускага саюза мастакоў я таксама сустрэла багата цікавых людзей. Мяркую, што жывыя, нефармальныя стасункі стануць новым струменем на плыні творчасці. 


– Ткаць габелен – гэта вельмі працаёмкі працэс, які патрабуе засяроджанасці, вытрымкі і, безумоўна, натхнення, – дзеліцца мастачка. – У кожнай рабоце застаецца нешта сакральнае, што ідзе адтуль, з глыбінь і вытокаў сівой даўніны. Мабыць, таму назва майго першага габелена “Выйсце крыніц” сугучнае з назвай першай главы твора Караткевіча “Каласы пад сярпом тваім”. 
Дарэчы, гэта работа Людмілы Роліч заняла пачэснае месца ў мастацкай галерэі ўніверсітэта, як і многія іншыя яе студэнцкія творы. Сёння мастачка сур’ёзна задумваецца над падрыхтоўкай персанальнай выставы, піша маслам і акварэлямі, як сама кажа, для душы, разам з вучнямі займаецца лінагравюрай, але прыярытэт па-ранейшаму аддае тэкстылю. 
 – У сваіх вучнях стараюся развіваць свабоду творчасці, імкненне быць ні на каго не падобнымі, да канца самарэалізавацца ў любімай справе, – сцвярджае Людміла Віктараўна, якая і сама ўпэўнена крочыць па гэтым шляху. Шляху пошукаў, надзей, цікавых праектаў і нястомнай працы над сабой.
Таццяна СТУПАКЕВІЧ.
Фота аўтара і з асабістага архіва Л. Роліч.

 
Подписывайтесь на нас в Telegram и Viber!