Малюнкі шчучынскіх рабят едуць у Літву

Шэсць лепшых лагатыпаў для сумеснага праекта Праграмы трансгранічнага супрацоўніцтва “Літва-Латвія-Беларусь 2014-2020 гады” па рэалізацыі канцэпцыі сацыяльнай інтэграцыі дзяцей з праблемамі здароўя ў дзіцячых школах выбралі ў Шчучыне. 

Свае творчыя работы згодна з умовамі конкурсу павінны прадставіць навучэнцы дзіцячых школ мастацтваў і літоўскай Варэны, і беларускага Шчучына. З нашага боку ўдзел у конкурсе прынялі 18 рабят ад 8 да 15 гадоў.
 З шэрага малюнкаў спецыяльная камісія, у склад якой уваходзілі начальнік аддзела ідэалагічнай работы, культуры і па справах моладзі райвыканкама Т.В. Ганчарук, дырэктар ДШМ І.І. Сасноўскі і іншыя, выбрала шэсць работ.
– Усе ўдзельнікі прадставілі свае лагатыпы ў каляровым і чорна-белым варыянтах, – расказала С.В. Бярозкіна, загадчыца мастацкага аддзялення ДШМ. – Рабяты працавалі над малюнкамі самі: прадумвалі ідэю і ажыццяўлялі яе з дапамогай фарбаў і алоўкаў. Галоўная мэта – падкрэсліць важнасць мастацтва ў жыцці грамадства, а асабліва ў жыцці людзей з праблемамі здароўя.
Выбраныя лагатыпы разам з работамі літоўскіх вучняў паўдзельнічаюць у агульным конкурсе, які адбудзецца ўжо ў снежні ў Літве. Пераможцаў чакаюць грашовыя прызы ў памеры ад 20 да 50 еўра і падарункі. 
Юлія ЦІМАШЧУК.
Фота аўтара.