Літаратурна-музычная гасцёўня, прысвечаная выданню зборніка вершаў "Па зямлі і па аблоках", адбылася ў Палацы творчасці дзяцей і моладзі

У кнігу, якую выдалі ў звычайнай фотастудыі, увайшлі творы шчучынскіх аўтараў на рускай і беларускай мовах. "Вершы навеяны самім жыццём, напоўнены глыбокімі і шчырымі пачуццямі", – менавіта такія словы змешчаны на вокладцы зборніка.

Ён змяшчае творы Галіны Бяляўскай, Рычарда Бялячыца, Віктара Гардзеева, Юрыя Жалязоўскага, Гвідона Ждановіча, Ільі Кавальскага, Святланы Кірылавай, Івана Ляўковіча, Наталлі Мінкявічэне, Марыны Арловай, Марыны Радзівон, Сяргея Шусты і Наталлі Цвірко.

Падчас гасцёўні аўтары прадстаўлялі свае вершы і расказвалі пра сябе. Лірычныя, глыбокія, нібы цэлыя аповеды, ці лёгкія, ёмкія, пра нешта надзённае, рыфмованыя радкі краналі і расчульвалі слухачоў. Наталля Мінкявічэне прысвяціла некалькі твораў Палацу Друцкіх-Любецкіх. Як прызналася паэтка, яе вельмі ўразілі змены будынка ў лепшы бок і яго ператварэнне ў храм творчасці. Святлана Кірылава і Марыя Радзівон пажадалі слухачам заўсёды дбаць аб духоўным і знаходзіць нешта прыемнае ў кожным звычайным дні, якім б ён не выдаўся.

Мінулы год узбагаціў літаратурныя хвалі Шчучыншчыны яшчэ адной кнігай Рычарда Бялячыца з ёмкай назвай "У імя". У ёй аўтар сабраў творы самай разнастайнай тэматыкі: ад гістарычнай да тэмы кахання. Ёсць у ей прысвячэнні калегам і навучэнцам Палаца творчасці – Ірыне Дзегцяровай, Святлане Аляксеевай, Наталлі Собаль, Валерыі Кос і многім іншым.

– Вельмі радуе тое, што сёння, мы, шчучынцы, маем магчымасць трымаць у руках гэты зборнік паэзіі, – падзялілася ўражаннямі ад мерапрыемства А.В. Пасюта, намеснік старшыні райвыканкама. – У 2004-2006 гадах падчас працы ў гімназіі  разам з вучнямі мы распрацоўвалі праект "Літаратурная Шчучыншчына". Тады я ўпершыню запрасіла на сустрэчу Рычарда Станіслававіча, а ў хуткім часе мы пазнаёміліся амаль з усімі паэтамі раёна. Вялікі дзякуй аўтарам зборніка за той падарунак, які сёння атрымалі ўсе прысутныя – за знаёмства з паэтычнай суполкай нашай шчучынскай зямлі.

Лірычныя выступленні пераклікаліся з выступленнямі музычнымі: на сцэне спявалі і танцавалі калектывы ды артысты самога Палаца творчасці дзяцей і моладзі, а таксама раённага цэнтра культуры і народнай творчасці.

Юлія ЦІМАШЧУК. Фота аўтара.

 
Подписывайтесь на нас в Telegram и Viber!