Майстрыцы аддзела рамеснай дзейнасці РЦКіНТ падрыхтавалі да свят цудоўныя сувеніры ручной работы

Вяночкі з шышак, ёлкі ў бутэльках і парсючкі з тэкстылю – гэта далёка не поўны пералік цудоўных сувеніраў ручной работы, якія падрыхтавалі да свят майстрыцы аддзела рамеснай дзейнасці РЦКіНТ. 
На другім паверсе цэнтра разгарнулася выстава-продаж “Навагодні калейдаскоп”, якая, дарэчы, будзе дзейнічаць да 15 студзеня. Здаецца, фантазія не мае мяжы! Самыя сціплыя матэрыялы ва ўмелых руках ператвараюцца ў арыгінальныя рэчы, якія могуць стаць не толькі прыемным падарункам, але і цудоўным дапаўненнем любога інтэр’ера. Аўтары вырабаў – Ірына Хвайніцкая, Вольга Роліч, Таццяна Лебядзевіч, Наталля Лябецкая, Вольга Каранкевіч і Юлія Тарас падышлі да справы з душой. Кожны сувенір унікальны!


 – У мінулым годзе мы радавалі гараджан толькі прыгожымі ёлачкамі. А сёлета вырашылі, што Новы год – гэта не толькі ёлкі, але і многае іншае, – распавядае загадчык аддзела рамеснай дзейнасці Ірына Хвайніцкая. – Таму на выставе прадстаўлены і сімвал года – свінкі, і снежныя бабы, і паштоўкі, і іншыя цацкі.
 Цэны на ручныя вырабы прымальныя. Кошт эксклюзіўнага падарунка – ад 3 рублёў і вышэй. 
Дарэчы, у шчучынскіх майстрыц можна не толькі купіць, але і заказаць навагодні падарунак на ваш густ. Мары павінны збывацца, асабліва пад Новы год! 
Ганна КАСПЕР.
Фота аўтара.

 
Подписывайтесь на нас в Telegram и Viber!