Падарожжа на колах, або Журналісты раскрываюць таямніцы шчучынскіх славутасцей

Шчучыншчына не перастае здзіўляць нас сваімі прыгожымі краявідамі. Нам ёсць чым парадаваць сябе і здзівіць турыстаў. Здаецца, усе кропкі на карце раёна вывучаныя, аднак варта апынуцца ў якім-небудзь гістарычным месцы, як зноў і зноў адкрываеш новыя таямніцы роднага краю. Чацвёрка журналістаў “Дзянніцы” вырашыла паддацца моднай тэндэнцыі – пракласці свой веламаршрут – і накіравалася ў некалькі населеных пунктаў раёна. Затым кожны сустрэўся з мясцовымі жыхарамі і паглядзеў на нашы славутасці пад іншым вуглом. Цяпер мы з упэўненасцю можам сказаць, што ўсе дарогі Шчучыншчыны вядуць да прыгажосці, галоўнае – навучыцца яе заўважаць!

Чыё імя “хаваецца” ў кронах вялікамажэйкаўскага парка? 
У аграгарадку Вялікае Мажэйкава мне даводзілася бываць не раз, аднак толькі ўсё больш на машыне. Веласіпед ужо даўно стаў маім верным сябрам і спадарожнікам на шляху да нязведанага. Вось і цяпер ён паслухмяна чакаў мяне ля дома. Невялічкія дарожныя зборы, праверка спраўнасці майго вернага “жалезнага” каня, і я гатова да падарожжа.
Праз хвілін 10 горад застаўся за плячыма, і я выехала на трасу М6. “Зацаніла” веладарожку: ехаць па ёй з ветрыкам – адно задавальненне! Па дарозе мне час ад часу сустракаліся веласіпедысты, якія спяшаліся на дачы. За плячыма – 20 кіламетраў дарогі, наперадзе – прыгоды. Вось і доўгачаканыя паварот і шыльда з надпісам “Вялікае Мажэйкава”! Праз кіламетр паказаліся і абрысы самога аграгарадка. Мая мэта – парк. Даехала! Вакол яго – сцяна з чырвонай цэглы, праўда, дастаткова моцна парушаная часам. За ёю – старыя пабудовы і маляўнічы парк, закладзены ў 1787 годзе. Некалі тут была сядзіба Хадкевічаў, якая зараз з’яўляецца помнікам сядзібна-паркавага мастацтва канца 18 стагоддзя. На жаль, будынак сядзібы не захаваўся, аднак флігель 1790 года стаіць і сёння. Парк перасякаюць дарогі, брукаваныя каменем. Усюды – рэшткі былых гаспадарчых пабудоў і пабудовы пасляваеннага часу, у некаторых з іх і сёння кіпіць жыццё. На ўездзе ў Вялікае Мажэйкава з боку Мураванкі можна ўбачыць часткі некалі вялізнай агароджы, якая ахоўвала сядзібу і парк. Асаблівай увагі заслугоўвае лямус 19 стагоддзя, аформлены ў стылі бытавога драўлянага дойлідства. Раней ён сумяшчаў функцыі летняй хаты і бытавога памяшкання: на першым каменным паверсе захоўвалі бытавыя прадметы і зброю, на другім – драўляным – адпачывалі. Цяпер лямус выкарыстоўваецца мясцовай гаспадаркай як складское памяшканне. Да нашых дзён захаваўся і амбар – масіўны аднапавярховы будынак з каменняў, пакрыты чатырохсхільным дахам. На галоўнай алеі пустуе дом для работнікаў. Мясцовыя жыхары распавядаюць, што ўнутры ўсе перакрыцці і сцены цэлыя, адна толькі печ разбіта. Характэрна, што дарога з алеі даходзіць да ганка будынка і… працягваецца ўнутры яго. Верагодней за ўсё, спачатку на гэтым месцы была звычайная дарога, а пазней было прынята рашэнне аб будаўніцтве дома. Непадалёку віднеецца стары бровар, далей – іншыя невядомыя мне пабудовы. Вырашаю абавязкова вярнуцца сюды, каб даведацца, якія яшчэ сакрэты хавае вялікамажэйкаўскі парк, які зараз належыць мясцовай гаспадарцы. 
Вялікі рэпартаж чытайце ў нашай газеце (ад 15.09.2018, №73).

 
Подписывайтесь на нас в Telegram и Viber!