Як футбол аб’ядноўвае сапраўдных балельшчыкаў, расказаў шчучынец Ян Мыслівец

Ян Леанардавіч Мыслівец нават і не думаў, што аднойчы яму давядзецца зрабіць немалы ўнёсак у футбольнае жыццё Шчучына. Як самы актыўны балельшчык ён займаецца прасоўваннем групы футбольнага клуба “Шчучын” у сацыяльнай сетцы “ВКонтакте” і стараецца наведаць кожны матч раённай каманды.
– Настаўнікам фізкультуры ў нашай школе ў Галавічполі быў Георгій Аляксеевіч Бялко, ён вельмі заахвочваў многіх вучняў да спорту, – успамінае Ян Леанардавіч. – Яго цікавілі лёгкая атлетыка, гандбол, валейбол. А мне больш падабаўся футбол – гульня дынамічная і захапляючая.
Пазней, калі Ян Леанардавіч паступіў у Беларускі тэхналагічны інстытут імя С.М. Кірава, шмат часу ён праводзіў на стадыёне “Дынама”. Тут студэнты займаліся на занятках фізічнага выхавання, а пасля “пар” хадзілі глядзець гульні вопытных футбольных каманд. 
Па размеркаванні Ян Леанардавіч прыехаў у Шчучын у 1990 годзе, а праз тры гады тут з’явіўся стадыён “Алімп”. Тады была створана раённая каманда “Аўтапровад”, якая пачала гуляць у 3-яй лізе Чэмпіянату Беларусі. Балельшчыкаў на матчы прыходзіла шмат – амаль усе месцы на трыбунах былі занятыя. На некаторыя гульні Я.Л. Мыслівец прыходзіў разам з дочкамі Людмілай і Алёнай.
Жонка Алена Андрэеўна захапленне мужа падзяляе: разам яны ходзяць на некаторыя гульні, а пасля абмяркоўваюць вынікі. Гэта і нядзіўна, таму што пазнаёміліся яны на тым жа стадыёне “Дынама” падчас аднаго з футбольных матчаў.
Канешне, у прыярытэце праца ў Шчучынскім лясгасе і хатнія справы ды абавязкі. Але нягледзячы на гэта, Ян Леанардавіч стараецца знайсці час для таго, каб паглядзець футбол. Ён з задавальненнем наведвае і міні-футбольныя матчы, і паядынкі экзатычнага для нас пляжнага футбола. 


– У той дзень, калі ў нас было адкрыццё поля для пляжнага футбола, у маёй малодшай дачкі было вяселле. Такія дзве вельмі значныя для мяне падзеі адбыліся ў адзін дзень, – усміхаецца Ян Леанардавіч. – Потым знаёмыя пыталіся, чаму я прапусціў гульню, і жартавалі: “Нават знакаміты спартыўны каментатар Уладзімір Навіцкі быў, а ты не!”
Прасоўваннем групы футбольнага клуба балельшчык пачаў займацца па прапанове былога пракурора Шчучынскага раёна, аднаго з заснавальнікаў міні-футбольнага клуба “Шчучын” М.Г. Кірыла. Тады суполка налічвала каля двухсот удзельнікаў. Цяпер колькасць зацікаўленых павялічваецца – на сённяшні дзень яна аб’ядноўвае больш за шэсцьсот аматараў гэтага віду спорту. 
У групе размяшчаецца інфармацыя амаль пра ўсе турніры з удзелам нашых каманд. Усім матчам Ян Леанардавіч дае сваю адзнаку і нібыта прапускае праз сябе, радуецца перамогам шчучынскіх футбалістаў, аналізуе паражэнні. За фотасправаздачы ў групе адказвае Крысціна Байгот, у шчучынскай камандзе гуляе яе брат.  Прыгожыя афішы да кожнага матча стварае заўзятар з Ваўкавыска Аляксандр Зайцаў. Ён, калі атрымліваецца, вядзе анлайн-трансляцыі матчаў з удзелам шчучынскай каманды, дзеліцца афіцыйнымі пратаколамі гульняў. Галоўны трэнер шчучынскага клуба Дзмітрый Дзмітрыевіч Кірылаў таксама падтрымлівае існаванне групы і дзеліцца інфармацыяй.
Усе футбалісты добра ведаюць Яна Леанардавіча, а ён іх, таму, сцвярджае балельшчык, яму цікава назіраць за кожным матчам і хочацца падтрымліваць сваіх.
– За сусветным футболам я сачу не так пільна і не з такім энтузіязмам, – распавядае Я.Л. Мыслівец. – Канешне, гэта зусім другі ўзровень, і футбалісты там гуляюць вельмі прыгожа і тэхнічна, але мяне больш кранае, калі гол на матчы забіваюць шчучынцы Максім Мішкель або Міхаіл Кірылаў, напрыклад, а не Крышціяну Раналду і Уэйн Руні.
Акрамя хатніх гульняў, Ян Леанардавіч разам з калегамі і другімі энтузіястамі футбола пры любой магчымасці выязджае на гульні ў Гродна, Ліду, Масты. Былі аднойчы і на матчы ў Жыткавічах. Балельшчык апынуўся ў суседніх Мікашэвічах у камандзіроўцы і разам з калегамі прыехаў на матч МФК “Шчучын” – “Граніт” за 35 кіламетраў у Жыткавічы. Футбалісты разам з трэнерамі вельмі здзівіліся такой нечаканай, але каштоўнай падтрымцы ў той момант, калі пачулі за 250 кіламетраў ад роднага дома гучнае “Шчучын, наперад!”.
– У шчучынскай каманды ёсць шмат балельшчыкаў, некаторыя з іх не прапускаюць ніводнага матча, – распавядае Я.Л. Мыслівец. – Ёсць адзін аматар з Ражанкі, які прыязджае з мястэчка на кожны футбол пры любым надвор’і на веласіпедзе. Пабалець за нашых заклікаю і тых, хто зараз вучыцца ў Мінску і Гродна. Абавязкова пішу месца і час, запрашаю на гульню, таму што, на мой погляд, шчучынскія рабяты-футбалісты гуляюць для нас, і для іх вельмі важная наша падтрымка.
Цікавіцца балельшчык таксама тэнісам і біятлонам. Напярэдадні зімовай алімпіяды ў Сочы на беларускім інфармацыйным партале TUT.BY арганізавалі конкурс сярод прыхільнікаў беларускага спорту. Дзякуючы сваім разважанням на тэму “Чаму я буду балець за Надзею Скардзіна”, балельшчык заняў трэцяе месца і атрымаў каштоўныя прызы. Што й казаць: у сям’і Яна Леанардавіча спартыўны канал амаль ніколі не пераключаецца, таму ён вельмі добра аперыруе прафесійнымі тэрмінамі.


Я.Л. Мыслівец лічыць сябе эмацыянальным балельшчыкам. На матчы ён можа і гучна крыкнуць нешта, і расчаравацца прапушчаным галам, аспрэчыць рашэнне суддзі, а іншыя чамусьці саромеюцца. Гэта вельмі відовішчны від спорту, таму кожная гульня з удзелам сваёй мясцовай каманды запальвае азарт. Футбол аб’ядноўвае зусім розных людзей, але падчас гульні ўсе балельшчыкі на трыбунах у аднолькавым статусе. Яны – тая падтрымка, ад якой іншы раз залежыць вынік матча і поспех кожнай каманды.
Юлія ЦІМАШЧУК.

 
Подписывайтесь на нас в Telegram и Viber!