А мы вучымся па-беларуску! Урок у беларускамоўным класе першай гарадской школы

– Нам вельмі падабаецца размаўляць на нашай роднай мове! – амаль у адзін голас сцвярджалі трэцякласнікі першай гарадской школы, калі я запытала, чаму яны вырашылі вучыцца ў беларускамоўным класе. – Так цікава кожны дзень адкрываць для сябе новыя словы, вывучаць народныя традыцыі, запамінаць вершы па-беларуску. 

Іх настаўніца – Валянціна Юзэфаўна Мыслівец – толькі задаволена ўсміхалася. Яна, як і яе выхаванцы, таксама любіць беларускую мову і з радасцю дапамагае дзецям яе асвойваць. 
– На жаль, у нашым 3 “Г” класе вучыцца толькі восем дзетак, – расказвае Валянціна Юзэфаўна. – Разам са сваімі бацькамі яны выбралі беларускамоўны клас. Усе прадметы, за выключэннем рускай і англійскай моў, выкладаюцца па-беларуску. Ёсць у нас і адпаведныя падручнікі, па якіх займаемся, але хацелася б, каб яны былі больш дасканалымі. 
3 “Г” – не першы беларускамоўны клас, у якім працуе настаўніца. Пэўны вопыт у яе ўжо назапашаны. Акрамя таго, у свой час Валянціна Юзэфаўна закончыла Ваўкавыскае педвучылішча, а затым філалагічны факультэт Гродзенскага дзяржаўнага ўніверсітэта імя Я. Купалы, дзе дасканала вывучала як рускую, так і беларускую мовы. У мінулым навучальным годзе настаўніца развіталася са сваімі чацвёртакласнікамі, і калі паўстаў выбар паміж першым і трэцім класамі, вырашыла працаваць у трэцім, з беларускай мовай навучання. 
– Канечне, дзецям няпроста, але яны стараюцца, – расказвае педагог. – Каб наша родная беларуская мова загучала ў поўную сілу, трэба, каб хлопчыкі і дзяўчынкі чулі яе з нараджэння, каб спачатку бацькі, а потым выхавацелі ў дзіцячых садках прывівалі ім любоў да роднага слова. І ў школе выкладанне прадметаў на беларускай мове не павінна спыняцца пасля заканчэння пачатковай школы, як будзе і ў нашым выпадку. Я сама вырасла ў сельскай мясцовасці, вучылася ў беларускай школе. Мая дачка таксама добра валодае роднай мовай і пры паступленні разам з іншымі здавала менавіта гэты прадмет. 
Ёсць у такім невялікім класе і свае вялікія плюсы. Як гаворыць настаўніца, кожнаму дзіцяці падчас урока яна можа ўдзяліць асаблівую ўвагу. Тут, як кажуць, школьнікам “філоніць” не атрымаецца: да ўрокаў трэба рыхтавацца грунтоўна.
Не толькі беларускую мову вывучаюць дзеці, але і знаёмяцца з традыцыямі беларускага народа, у першую чаргу са сваімі, мясцовымі. Склалася і ў школе добрая традыцыя: кожны чацвер усе педагогі і вучні стараюцца размаўляць па-беларуску. Гэты дзень так і назвалі: беларускі чацвер. 
– Мы з рабятамі плануем пабываць у цікавых мясцінах роднай Шчучыншчыны, наведаць, напрыклад, музей нашай знакамітай паэтэсы Алаізы Пашкевіч у Астрынскай СШ, – гаворыць Валянціна Юзэфаўна. – Дзеці паслухаюць яе творы на беларускай мове, пачуюць гучанне роднага слова. Увогуле, мне хочацца, каб рабяты ў першую чаргу дакрануліся да славутасцей сваёй малой радзімы, навучыліся шанаваць гісторыю роднага краю і, канечне ж, родную мову.
– А ведаеце, мая мама таксама ведае беларускую мову! – ганарыцца Маргарыта Зянкевіч. – Мы з ёю часам размаўляем па-беларуску. 
Вось так і павінна быць: не толькі ў школе, але і дома трэба, каб дзеці чулі родную мову. Менавіта тады яны будуць шанаваць яе і любіць. 
Ганна РУДСКАЯ.
Фота аўтара.

 

 
Подписывайтесь на нас в Telegram и Viber!