Заслужаны трэнер Рэспублікі Беларусь Віктар Мухляда родам з вёсачкі Кронькі Васілішкаўскага сельсавета

Вяртанне ў родны край выклікае ні з чым не параўнальныя пачуцці. Знаёмы шлях дадому ўецца паміж палёў і частых вёсачак, паміж лясоў і дамоў. Віктар Казіміравіч Мухляда, заслужаны трэнер Рэспублікі Беларусь, у чарговы раз накіроўваецца ў сваю родную вёсачку Кронькі Васілішкаўскага сельсавета. Тут знаходзіцца бацькоўскі дом, у якім з нецярпеннем чакае матуля...

Як Чэслаў Немэн звязан са спортам
Мы праязджаем праз Старыя Васілішкі і спыняемся каля клуба-музея Чэслава Немэна. Віктар Казіміравіч завітаў сюды не выпадкова – ужо пяты год у нашым раёне дзякуючы яго ініцыятыве праводзіцца міні-футбольны турнір у гонар знакамітага земляка. 
– У 1960-1980-ыя гады Шчучынскі раён, можна сказаць, “гудзеў” у футбольным асяроддзі, – зазначае В.К. Мухляда. – Гэта назіраецца і цяпер. Я пільна сачу за поспехамі футбалістаў раёна і ганаруся тым, што хлопцы гуляюць у вышэйшай лізе Першынства Рэспублікі па міні-футболе. Мне і самому хацелася стварыць нешта вартае, цікавае для землякоў. Тады і нарадзілася ідэя арганізаваць футбольны турнір памяці Чэслава Немэна. Адгукнуліся раённы і абласны выканаўчыя камітэты, республіканская федэрацыя міні-футбола.
На першы турнір у Васілішкаўскую СШ пяць год назад Віктар Казіміравіч запрасіў спартыўнага каментатара, легенду спартыўнай журналістыкі У.М. Навіцкага. Уладзімір Мікалаевіч падчас паездкі падзяліўся цікавым фактам: аказалася, што Чэслаў Немэн адкрываў сваім выступленнем Алімпійскія гульні ў Германіі ў 1972 годзе. 


У папярэдніх турнірах шчучынскай камандзе не ўдавалася замацавацца на першым месцы – хлопцы адваявалі яго толькі ў мінулым годзе. Да слова, паўдзельнічаць у гульнях імкнуцца футбалісты з Гродна, Мінска і нават з Польшчы. На наступны год Віктар Казіміравіч плануе сабраць зборную ветэранаў міні-футбола і ў яе складзе таксама паўдзельнічаць за галоўную ўзнагароду.
Футбаліст ці авіяпілот?
Захапленне футболам не з’явілася раптоўна. Малыя хлопцы не ведалі лепшай гульні, як паганяць мяч, а зімой шукалі альтэрнатыву ў хакеі. Пакуль маці клікала вучыць урокі, васьмігадовы Віктар хутка закідваў сумку з падручнікамі на печ і ўжо рухаўся ў бок футбольнай пляцоўкі. Спачатку яны з сябрамі падавалі старэйшым хлопцам ваду, прыносілі з саду яблыкі. Калі б ні адбываліся гульні, ён заўсёды пакідаў поле апошнім. Падчас размінкі юнакі маглі набіваць мяч сотнямі... тысячамі разоў! Дзядзька Стась навучыў Віктара правільна шнураваць мяч, а знаёмы хлопец падарыў буцы, у якіх раней гуляў і сам. Вось такая няхітрая экіпіроўка была ў вясковых футбалістаў. 


Пасля школы юнак спрабаваў паступіць на авіяпілота ў вучылішча грамадзянскай авіяцыі, але не прайшоў камісію. У адзін з дней, пакуль знаходзіўся ў Мінску, паспеў пагуляць у футбол са знаёмымі хлопцамі. Яны, убачыўшы някепскую гульню юнака, прапанавалі пайсці вучыцца ў Гродзенскі фізкультурны тэхнікум. 
Навучанне тут прынесла свае поспехі – добрыя адзнакі і выкананыя нарматывы дазвалялі атрымаць “чырвоны” дыплом. Хутка Віктар Казіміравіч захапіўся плаваннем і пачаў удзельнічаць у спаборніцтвах па гэтым відзе спорту. Адно з іх не дазволіла якасна прайсці практыку падчас навучання – адна адзнака скасавала ўсе поспехі за папярэднія гады і надзею атрымаць “чырвоны” дыплом. Юнака накіравалі па размеркаванні настаўнікам у школу, дзе ён прарабіў адзін год перад арміяй.
Салдат-рамантык
– Вяртанне дадому мяне заўсёды вельмі хвалюе, – дзеліцца Віктар Казіміравіч. – У мяне нават была такая гісторыя: аднойчы майму сыну ў чацвёртым ці пятым класе, ужо дакладна не памятаю, настаўніца дала заданне напісаць невялічкае разважанне на тэму “У чым шчасце чалавека?”. На працягу некалькіх гадзін і я думаў і напісаў пра родны дом, дзе засталіся лепшыя ўспаміны з дзяцінства. 


Гэты ўрывачак захаваўся ў нататніку мужчыны. А побач з ім, гартаючы старонкі, знаходзім некалькі вершаў на беларускай мове. Адзін з іх Віктар Казіміравіч прысвяціў Чэславу Немэну. Талент пісаць вершы ён адкрыў у сябе яшчэ ў юнацтве – пачуцці выліваліся ў лірычныя радкі, пры гэтым часцей на роднай мове. І гэта не выпадкова: маці выкладала ў школе беларускую мову і літаратуру, а васьмігадовая школа, якую наведваў у Барэйшышках, была беларускамоўнай.
Нават у арміі гэты талент спатрэбіўся. Падчас службы ў складзе мясцовай асобнай стралковай роты аховы ў Брэсце камандзір даручыў яму як сакратару камсамольскай арганізацыі часці стварыць баявы лісток. Тады Віктар Казіміравіч напісаў верш “Брэсцкая крэпасць”. Твор так спадабаўся камандзіру і зампаліту, што яны арганізавалі выступленне на мясцовым тэлебачанні ў рамках гарадскога агляду-конкурсу. Падчас яго салдаты ў складзе вакальна-інструментальнага ансамбля выступілі з літаратурнай кампазіцыяй “Чырвоныя макі”, у якой Віктар Казіміравіч чытаў свае вершы напамяць. У складзе журы творчыя нумары судзіў і кампазітар Эдуард Ханок. Выступленне прынесла тады хлопцам першае месца.
Заслужанае чэмпіёнства
Пасля арміі Віктар Казіміравіч прадоўжыў вучыцца – спачатку паступіў на юрыста ў Беларускі дзяржаўны ўніверсітэт, але цікавасць да гэтай прафесіі хутка страціў, да таго ж хапала спартыўнай працы. 


Потым пачалася працоўная дзейнасць на Мінскім заводзе ацяпляльнага абсталявання ў якасці інструктара па спорце, затым дырэктара лыжнай базы. У складзе каманды “Домостроитель” Віктар Казіміравіч прымаў удзел у Першынстве краіны па футболе сярод калектываў фізічнай культуры. А ў 1985 годзе ён паступіў ў Беларускі дзяржаўны інстытут фізічнай культуры і паспяхова скончыў яго па спецыяльнасці “Фізічная культура і спорт”. 
Бывала і так, што вясковыя хлопцы запрашалі пагуляць у футбол і на Першынство Шчучынскага раёна. У 1991 годзе Віктар Казіміравіч прыехаў пагуляць за вясковую каманду падчас Кубка Шчучынскага раёна па футболе. На полі сышліся хлопцы з Кронькаў, Бакштаў ды Васілішак. У адной камандзе гулялі разам з братам. Тады яны перамаглі ў футбалістаў Шчучынскага завода “Аўтапровад” і занялі першае месца ў раёне.


Амаль шэсць гадоў Віктар Казіміравіч узначальваў нацыянальную зборную па міні-футболе сярод людзей з нізкім зрокам ў Паралімпійскім камітэце Республікі Беларусь. Разам яны сталі пераможцамі Чэмпіянату Еўропы і Чэмпіянату свету, а ў 2003 годзе В.К. Мухляда атрымаў званне “Заслужаны трэнер Рэспублікі Беларусь”. 
– У 1996 годзе я пазнаёміўся з Алегам Аляксандравічам Шэпелем, прэзідэнтам Паралімпійскага камітэта, – успамінае Віктар Казіміравіч. – Ён запрасіў мяне на работу. А праз год мы са зборнай паехалі на першы Чэмпіянат Еўропы па міні-футболе сярод людзей з нізкім зрокам у Іспанію. Там занялі трэцяе месца. Перамаглі на Чэмпіянаце свету ў бразільскім горадзе Кампінас у 1998 годзе. Сапернікі былі вельмі сур’ёзныя – італьянцы ды іспанцы. Таксама сталі першымі на чэмпіянатах у Францыі (2001 г.), Італіі (2002 г.) і Англіі (2004 г.).
Трэнер, суддзя і ... выкладчык
Вялікі вопыт у паводзінах на поле, набыты падчас шматлікіх матчаў, дазволіў паспрабаваць сябе ў якасці суддзі. На пытанне, што больш падабаецца: удзельнічаць у гульнях як футбаліст альбо як арбітр, Віктар Казіміравіч адказвае, што з узростам ён, канешне, схіліўся ў бок судзейства. Лічыць сябе справядлівым і адказным. Пацвярджэнне таму – ганаровае званне “Лепшы арбітр года” па выніках апросаў трэнерскага штаба федэрацыі міні-футбола ў 2011 годзе. В.К. Мухляда лічыць, што сакрэт поспеху ў тым, каб не ісці на кампраміс са сваім сумленнем. Судзейская кар’ера доўжылася амаль дзесяцігоддзе: даводзілася абслугоўваць матчы Чэмпіянату і Кубка РБ па міні-футболе сярод каманд вышэйшай лігі, Нацыянальнага Чэмпіянату РБ па пляжным футболе сярод каманд вышэйшай лігі, міжнароднага турніру “Кубак Дружбы” ў Віцебску і іншыя. 


Аднойчы Віктару Казіміравічу давялося сустрэць у Мінску сваеасаблівую зорку вялікага футбола – англійскага арбітра Ховарда Вэба. 
– Я лічу, што гэта самы лепшы суддзя ў свеце, – разважае В.К. Мухляда. – Наша сустрэча адбылася падчас футбольнага матча плэй-оф Лігі чэмпіёнаў на Мінскім стадыёне “Дынама” ў 2012 годзе паміж камандамі “БАТЭ” и ізраільскім “Хапаэлем”. Загадзя я даведаўся пра тое, што Ховард Вэб будзе ў Мінску, і напярэдадні гульні прыйшоў на стадыён, дзе і пазнаёміўся са сваім кумірам. Мне вельмі падабаецца манера яго судзейства, у некаторых момантах я стараюся нават быць падобным да яго. Можа таму, што калісьці я і сам хацеў звязаць сваё жыццё з вялікім футболам, але абставіны накіравалі мяне ў трохі іншае рэчышча.


Зараз Віктар Казіміравіч – старшы выкладчык кафедры спартыўна-педагагічных дысцыплін Беларускага дзяржаўнага педагагічнага ўніверсітэта імя Максіма Танка. Паралельна ён займаецца інспектаваннем футбольных матчаў. Заехаць у родныя Кронькі не заўсёды атрымліваецца, але нягледзячы на гэта, сэрца мужчыны сілкуецца любоўю да родных мясцін. 
Пакуль вяртаемся ў райцэнтр, каб правесці Віктара Казіміравіча ізноў у Мінск, у думках усплываюць вершаваныя радкі яго аўтарства: “ Мае ўспаміны там, у роднай хаце... Як быў малы, як баба ткала дываны...”
Юлія ЦІМАШЧУК.
Фота аўтара і з архіва В.К. Мухляды.

 
Подписывайтесь на нас в Telegram и Viber!