Вучні СШ №1 прымалі актыўны ўдзел у акцыі “Упрыгожым школьны двор кветкамі”

Педагогі і вучні СШ №1 г. Шчучына заўсёды клапоцяцца аб тым, каб каля іх установы адукацыі панавалі парадак і чысціня, было ўтульна і камфортна. 
На днях вучні 9 “Б” класа разам са сваімі настаўнікамі працоўнага навучання Ірынай Францаўнай Дубок і Генадзіем Іванавічам Падзялінскім наводзілі парадак на кветніках, падграбалі мінулагодняе лісце.
– Сёлета мы аб’явілі акцыю “Упрыгожым школьны двор кветкамі”, – расказвае намеснік дырэктара па выхаваўчай рабоце Ганна Уладзіміраўна Маркевіч. – І рабяты, і іх бацькі могуць перадаць школе расаду, насенне. У мінулым годзе ў нас загінулі некалькі кустоў руж, сёлета плануем замест іх пасадзіць новыя. У гонар 75-годдзя вызвалення Беларусі ад нямецка-фашысцкіх захопнікаў мы задумалі стварыць аб’ёмны кветнік з кветкаю Перамогі. Высадзім бегонію белую і чырвоную, аксаміткі. Для завяршэння кампазіцыі выкарыстаем зялёныя дэкаратыўныя каменьчыкі.
У мінулыя гады вучні СШ №1 прымалі актыўны ўдзел у міжнароднай акцыі “Пасадзі цюльпаны і нарцысы”, таму цяпер школьны двор упрыгожваюць гэтыя цудоўныя кветкі. 
Ганна РУДСКАЯ.
Фота аўтара. 

 
Подписывайтесь на нас в Telegram и Viber!