Дуб-старажыл і шэраг экзатычных дрэў – чым можа здзівіць раслінны свет Шчучына?

 

За сваю 505-гадовую гісторыю Шчучын пакінуў вялікі след у культурным жыцці нашай краіны. Гараджане і шматлікія турысты добра ведаюць нашы архітэктурныя славутасці: палац Друцкіх-Любецкіх, касцёл Святой Тэрэзы Авільскай, кляштар піяраў, царкву Святога Архангела Міхаіла і, натуральна, старыя камяніцы на плошчы Свабоды. Але Шчучын вядомы яшчэ і разнастайнасцю расліннага свету. З зялёным багаццем Шчучына і яго ваколіц нас ветліва пазнаёміла Алена Лісоўская – настаўніца гісторыі гімназіі горада Шчучына.

 

Напэўна, самы вядомы прадстаўнік флоры нашага раённага цэнтра – гэта найстарэйшы дуб горада. Ён знаходзіцца каля касцёла Святой Тэрэзы Авільскай і з’явіўся тут больш чым дзвесце гадоў таму. Паводле легенды, пасадзіў гэтае дрэва сам Станіслаў Баніфацый Юндзіл, знакаміты вучоны, які выкладаў у калегіуме піяраў у Шчучыне.

 

Цікавую гісторыю, звязаную з дубам-старажылам, расказала нам Алена Яўгеньеўна:

 

– У 2011-м з нагоды 250-годдзя з дня нараджэння Станіслава Баніфацыя Юндзіла ў нашым горадзе праходзіла навуковая канферэнцыя, на якой гасцям з Мінска быў падараваны парастак шчучынскага дуба. Праз чатыры гады, у 2015-м, гэты малады дубок перасадзілі ў Цэнтральны батанічны сад НАН Беларусі. Цяпер у Мінску, на галоўнай алеі саду, можна сустрэць годнага зялёнага прадстаўніка шчучынскай зямлі.
Вядома, што Юндзілам у Шчучыне быў закладзены другі на тэрыторыі Беларусі, пасля гродзенскага, батанічны сад на 500 відаў раслін. На жаль, да нашых дзён гэтае багацце не захавалася. Варта адзначыць, што знакаміты вучоны таксама стаў заснавальнікам батанічных садоў у Вільні і аўстрыйскай Вене.
Растуць у нашым горадзе рэдкія і экзатычныя расліны: ліпа буйналістая, лістоўніца еўрапейская, кедр сібірскі. Але падрабязней хочацца расказаць пра арэх маньчжурскі. Арэал пражывання яго віду – Маньчжурыя, рэгіён на поўначы Кітая, таксама гэты арэх расце ў Карэі і на расійскім Далёкім Усходзе. Сёння дрэва выкарыстоўваецца ў вытворчасці мэблі і фанеры. Ядро арэха запатрабавана ў кандытарскай прамысловасці для атрымання высакаякаснага алею, а некаторыя кітайскія вучоныя гавораць аб супрацьракавых уласцівасцях маньчжурскага арэха.

 

Нельга абмінуць увагай сасну Веймутава, якая расце каля рэстарана “Шчучын”. Дрэва паходзіць з Паўночнай Амерыкі. У Еўропе гэтая сасна пачынае з’яўляцца ў XVIII стагоддзі ў сувязі з шырокім выкарыстаннем дрэва Вялікабрытаніяй у суднабудаванні. Менавіта англійскі мараплавец Джордж Веймут і прывёз расліну на наш кантынент.

 

За 10 кіламетраў ад горада, за аэрадромам, знаходзіцца ўнікальны прыродны аб’ект – плантацыя аксаміта амурскага, які яшчэ называюць коркавым дрэвам. Радзіма гэтага дрэва знаходзіцца ў паўднёвых шыротах, аднак яно паспяхова прыжылося і ў нас. Вядома, што плантацыя была закладзена Шчучынскім лясніцтвам у 1954 годзе, магчыма, для прамысловых мэт Лідскага піўзавода. Памер плантацыі складае каля 1,2 гектара. Кара аксаміта амурскага светла-карычневая і мяккая, яна добра захоўвае цяпло, і таму зімой гэтыя дрэвы ніколі не пакрывае снег.

 

Варта адзначыць, што пад кіраўніцтвам Алены Лісоўскай і настаўніцы біялогіі Валянціны Шэйгерэвіч гімназістамі быў распрацаваны спецыяльны экалагічны маршрут працягласцю 11,5 кіламетра. Гэты шлях дазваляе падрабязней азнаёміцца з раслінным светам Шчучына і яго ваколіц.

 

Алег ШЫШЛОЎСКІ.
Фота аўтара.

 
Подписывайтесь на нас в Telegram и Viber!