Новае жыллё – шматдзетным сем’ям

На вуліцы Савецкай у Шчучыне на вачах вырас двухпавярховы чатырохкватэрны дом, над узвядзеннем якога працавалі будаўнікі МПМК-166. Унутраныя работы ўжо амаль завершаны, і ў маі ключы ад новых камфортных трохпакаёвак атрымаюць чатыры шматдзетныя сям’і. 
Побач размесціцца яшчэ адзін аналагічны дом. Да яго будаўніцтва ўжо прыступіла брыгада В.М. Сарокі, якая з’яўляецца адной з самых перадавых у МПМК-166.

– На аб’екце штодзень працуюць 12 муляраў, задзейнічаны пад’ёмны кран, – гаворыць Валерый Мечыслававіч, чый працоўны стаж складае звыш трыццаці гадоў. – Ужо зроблены падвальныя памяшканні, цяпер вось узводзім першы паверх. Здаць жа аб’ект у эксплуатацыю плануем ужо ў чэрвені бягучага года. 
Сапраўды, работа ў прафесіяналаў спорыцца. Пакуль мы гутарылі з брыгадзірам В.М. Сарока, яго падначаленыя нарасцілі сцены дома яшчэ на адзін рад цэглы. 
– За працоўную змену раблю да 2 метраў кубічных кладкі, – зазначае муляр Алег Генадзьевіч Шымановіч. – Гэта норма ў нашай брыгадзе лічыцца абавязковай для кожнага. У дзень выкарыстоўваем тут прыкладна 12 кубоў будматэрыялаў. Пры такім падыходзе нам дастаткова тыдня, каб з нуля пабудаваць адзін паверх будынка.
Адметна, што хуткасць работ не адбіваецца негатыўна на іх якасці. Аб гэтым сведчаць рэгулярныя праверкі, якія праводзяцца на аб’екце. Ніякіх нараканняў на работу будаўнікоў няма.
Яно і зразумела! За плячамі брыгады В.М. Сарокі багаты прафесійны вопыт і мноства ўзведзеных аб’ектаў. Валерый Мечыслававіч са сваімі падначаленымі прымаў актыўны ўдзел у будаўніцтве мікрараёна Паўднёва-Заходні ў Шчучыне, дзякуючы іх намаганням “выраслі” новыя дамы ў Васілішках, Гродне. 
Дарэчы, будаўніцтва жылля ў нашым райцэнтры працягваецца, і новыя кватэры атрымаюць не толькі шматдзетныя сем’і. Па вуліцы Савецкай ужо закладзены фундамент яшчэ адной “двухпавярхоўкі”, набыць кватэры ў якой зможа кожны жадаючы.
Аляксандр КАСПЯРЧУК.
Фота аўтара.

 
Подписывайтесь на нас в Telegram и Viber!