Літоўская матрыца для скарынаўскага станка
Друкарскі станок, зроблены мясцовымі майстрамі па ўзоры скарынаўскага, – важны экспанат і гонар гімназіі горада Шчучына. Днямі госці з Літвы прывезлі незвычайны падарунак для беларускіх школьнікаў – новую матрыцу. Да гэтага часу ў гімназіі яна была толькі адна.
Госці з Варэнскага раёна на чале з мэрам Варэнскага раённага муніцыпалітэта Альгісам Кашэтам былі ўдзельнікамі адкрыцця Шчучынскай дзіцячай школы мастацтваў і музея гісторыя Шчучыншчыны ў ПТДіМ. Не прамінулі яны і гімназію г. Шчучына.
Для гасцей гімназісты правялі сапраўдны міні-экскурс у гісторыю. На момант рабяты пераўвасобіліся ў літаратурныя постаці, якія ўнеслі свой важкі ўклад у развіццё адукацыі раёна. Не менш цікавай была экскурсія, якая прайшла ў музеі гімназіі.
Друкарскі станок адразу зацікавіў гасцей з суседняй краіны. Ён здольны выдаваць больш за 10 лістоў за дзве гадзіны. Кажуць, што найлепш чытаецца тэкст ажно пасля 10 ліста… Магчымасці друкарскага станка змаглі ацаніць і госці, і юныя гімназісты-пяцікласнікі. Выдатна ўжыўся ў вобраз вядомага першадрукара Францыска Скарыны і прадэманстраваў працэс вырабу друкаванага ліста Максім Сельхановіч. Юнак умела раскатаў спецыяльную фарбу і затым нанёс яе на матрыцу. Некалькі хвілін – і станок выдаў свежа надрукаваны ліст. Вось яна – сіла друкаванага слова!
На матрыцы – пажаданні гімназіі ад адміністрацыі самакіравання Варэнскага раёна: “Шчыра дзякуем вам за супрацоўніцтва і спадзяёмся на далейшае сяброўства”. Пераканана, што так і будзе!
Ганна КАСПЕР.
Фота аўтара.