Са старту – у перадавікі. На таварнай ферме “Залесна” СВУ “Пратасаўшчына” рэкордныя паказчыкі

 

На таварнай ферме “Залесна” СВУ “Пратасаўшчына”, якая была запушчана ў эксплуатацыю ў маі бягучага года, сярэднясутачны надой малака ад адной каровы дасягнуў 28,2 (!) літра – гэта рэкордны паказчык не толькі ў гаспадарцы, але і ў раёне.

 

– Раней тут была ферма па ўзнаўленні буйной рагатай жывёлы, разлічаная на 600-700 галоў, – гаворыць загадчыца ТФ “Залесна” Ала Бодак. – Затым яе рэканструявалі, узвялі яшчэ некалькі пабудоў і перапрафілявалі ў малочнатаварную. Цяпер тут утрымліваюцца 1278 кароў, у тым ліку 113 галоў дойнага статка. Крыху больш чым праз месяц колькасць дойных рагуль павялічым да 150, і ферма запрацуе на поўную магутнасць. Зараз мы надойваем тут 1,6 тоны малака ў суткі. Халадзільнае абсталяванне дазваляе без праблем захоўваць 8,4 тоны малака. Малакаправоды рэгулярна чысцяцца шчолаччу і кіслотамі, якія знішчаюць усіх мікробаў.

 

Камплектуецца ТФ “Залесна” выключна пяршачкамі чорна-пярэстай пароды вагой каля 200 кілаграмаў, якіх сюды прывозяць з МТФ “Глыбокае”. Узамен мясцовыя жывёлаводы аддаюць маладых падгадаваных бычкоў на далейшы адкорм.

 

 

– Пяршачак мы раздойваем 7-10 дзён і правяраем малако на ўтрыманне антыбіётыкаў, – працягвае Ала Іванаўна. – Затым накіроўваем іх на агульную дойку. Праз тры месяцы ў залежнасці ад прадуктыўнасці сартуем. Лепшых адпраўляем на малочнатаварныя фермы “Каменка” і “Глыбокае”.

 

На ТФ “Залесна” створаны максімальна камфортныя ўмовы для ўтрымання буйной рагатай жывёлы. Тут усталявана сучаснае даільнае абсталяванне нямецкай фірмы “Westfalia”, якое дазваляе за раз падаіць 24 рагулі.

 

– Разам з напарніцай мы абслугоўваем увесь дойны статак, – зазначае аператар машыннага даення Кацярына Новік, якая перавялася на новую ферму з МТФ “Глыбокае”. – Сярэднясутачныя надоі радуюць – звыш 28 літраў ад каровы. Аднак трэба быць вельмі ўважлівай, бо маладыя рагулі яшчэ не зусім прывучаныя да дойкі, таму нервуюцца. Перад кожнай дойкай мы ўручную здойваем тры струменьчыкі і правяраем малако на наяўнасць саматычных клетак, якія сведчаць аб узнікненні мастыту. Пасля дойкі абавязкова апрацоўваем вымя растворам ёду ў мэтах дэзынфекцыі.

 

Асаблівую ўвагу на новай ферме надаюць маладняку. Нованароджаныя цялушкі і бычкі адразу змяшчаюцца ў індывідуальныя домікі, якіх тут налічваецца 80. Там яны знаходзяцца 45-60 дзён і выпойваюцца малаком пры дапамозе малочнага таксі, якое стэрылізуе і падагравае малако для лепшай засваяльнасці. Праз вызначаны час жывёлу дзеляць на групы па 25-30 галоў і пераводзяць у групавыя клеткі, дзе ўстаноўлены паўсферы. Такім чынам у бычкоў і цялушак ёсць не толькі дах над галавой, але і падстеленыя саломай вальеры для выгулу. У такіх умовах маладняк дарошчваецца, пакуль не дасягне вагі 150-170 кілаграмаў. Потым увесь статак адпраўляецца ў агульны цэх, дзе распрацаваны свой рацыён харчавання з выкарыстаннем высакаякаснага збалансаванага камбікорму.

 

 

За здароўем кароў уважліва сочыць ветурач Святлана Вашкевіч.

 

– Штодзень я праводжу агляд усяго пагалоўя фермы, – дзеліцца Святлана Мікалаеўна. – У гэтым мне дапамагаюць цялятніцы і аператары машыннага даення. Хворых жывёл выяўляем па змяненні паводзінаў і пераводзім у асобную секцыю. Для кожнай каровы ў індывідуальным парадку падбіраем антыбіётык. Такі падыход дазваляе паставіць жывёлу на ногі праз 3-5 дзён. З надыходам восені ўзрастае рызыка ўзнікнення рэспіраторных захворванняў. У мэтах прафілактыкі мы праводзім вакцынацыю рагуль, унутрымышачна ўводзім антыбактэрыцыдныя прэпараты. Акрамя таго, усе каровы раз у тыдзень праходзяць праз фармалінавыя ванны, каб пазбегнуць захворванняў капытоў. Таму і працэнт выбыцця мінімальны.

 

Аляксандр КАСПЯРЧУК.
Фота аўтара.

 
Подписывайтесь на нас в Telegram и Viber!