Механізатар саўгаса “Вялікае Мажэйкава” Дзмітрый Віткоўскі – самы малады камбайнер у раёне

Аднак гэта не перашкодзіла 18-гадоваму юнаку выдатна праявіць сябе на жніве: у пары з вопытным камбайнерам Пятром Янавічам Арлукевічам па даных на 3 жніўня ён намалаціў 1100 тон зерня.

-- У Лідскім індустрыяльным каледжы, які я паспяхова закончыў, мы падрабязна вывучалі ўстройства камбайна і прынцып яго работы, -- гаворыць Д. Віткоўскі. – Аднак адна справа – вучоба, і зусім іншая – практыка. Калі ў маі вярнуўся з арміі, уладкаваўся на працу ў родны саўгас. Спачатку кіраваў трактарам, і справа спорылася. Аднак сучасны камбайн “Палессе”, на які перасеў падчас уборачнай кампаніі, – тэхніка больш складаная. Унутры ўвогуле здаецца, што знаходзішся ў кабіне самалёта: штурвал, бартавы кампьютар, мноства кнопак. Тут мне на дапамогу прыйшоў першакласны камбайнер Пётр Іванавіч Арлукевіч, які даступна патлумачыў усе тонкасці вытворчага працэсу. Ужо праз тыдзень я ўпэўнена вёў свайго “жалезнага каня” па хлебнай ніве. Прызнаюся, кіраваць такім волатам – асаблівае пачуццё!


Да ўсяго Дзмітрый Віткоўскі на трактары з бочкай падвозіць ваду ў поле, тым самым забяспечваючы пажарную бяспеку падчас жніва. Дзіву даешся, як гэты юнак усюды паспявае!
-- Дадому вяртаюся бліжэй да апоўначы, -- прызнаецца малады спецыяліст. – Пасля кароткай вячэры адразу кладуся спаць, бо трэба ўставаць на досвітку. Безумоўна, такі напружаны графік вымотвае фізічна, але хто казаў, што прафесія хлебароба лёгкая?
Камбайнер П.І. Арлукевіч, які працуе ў экіпажы з Д. Віткоўскім, вельмі задаволены сваім напарнікам.
-- Хоць для Дзмітрыя гэта і першае жніво, спраўляецца хлопец выдатна! – зазначае Пётр Іванавіч. – Працавіты, адказны, дысцыплінаваны, ён хутка ўнікае ва ўсе дробязі вытворчага працэсу. Сам настройвае камбайн, выпраўляе дробныя паломкі. Адным словам, патэнцыял у яго вялікі! Безумоўна, нашай гаспадарцы патрэбны такія старанныя і мэтанакіраваныя работнікі.
Аляксандр КАСПЯРЧУК.
Фота аўтара.

У тэму
Аграрыі СВУ “Пратасаўшчына” першымі ў раёне завяршылі жніво: пры ўраджайнасці хлебнай нівы 51,1 ц/га з 869 гектараў тут намалацілі 4442 тон зерня. Па даных на 3 жніўня 99% плошчаў, адведзеных пад зерневыя і зернебабовыя культуры, убралі ў філіяле “Жалудоцкі агракомплекс”. Таксама хутка завершаць уборачную кампанію такія гаспадаркі, як ААТ “Дэмбрава”, саўгас “Вялікае Мажэйкава” і ААТ “Васілішкі”.

 
Подписывайтесь на нас в Telegram и Viber!