У ААТ “Шчучынаграпрадукт” рыхтуюцца паставіць кропку ў будаўніцтве МТК “Скоржыкі”

У ААТ “Шчучынаграпрадукт” рыхтуюцца паставіць кропку ў будаўніцтве МТК “Скоржыкі” на 777 галоў. На завяршальнай стадыі – работы на пятым пускавым комплексе гэтага важнага вытворчага аб’екта. 
Генеральным падрадчыкам выступае ААТ “Гроднааблсельбуд”, цяпер тут працуюць будаўнікі ДП “Шчучынская МПМК-166”. Асобныя віды работ выконваюцца гаспадарчым спосабам.
– У верасні плануецца ўвесці ў эксплуатацыю цялятнік на 330 галоў. Для яго аснашчэння ўжо закуплена неабходнае абсталяванне. Побач з’явіцца навес для жывёлы. А фінальным будаўнічым акордам стане ўладкаванне на прылеглай тэрыторыі пад’ездаў і выгульных пляцовак, – паведаміла в.а. дырэктара ААТ “Шчучынаграпрадукт” Вольга Браніславаўна Патапчык.
Нагадаем, першы пускавы комплекс МТК “Скоржыкі”, а гэта пяць траншэй на 10 тысяч тон кармоў, здадзены ў эксплуатацыю ў верасні 2014 года. З цягам часу побач былі пабудаваны і “ажылі” даільна-малочны блок, кароўнік і іншыя памяшканні, запатрабаваныя ў працэсе вытворчасці малочнай прадукцыі.
Па словах кіраўніка сельгаспрадпрыемства, цяпер на новым комплексе ўтрымліваецца 680 галоў дойнага статка, да 1лістапада пагалоўе павялічыцца і дасягне 777, як і прадугледжвае праект. Дарэчы, статак папаўняецца цялушкамі ўласнай гадоўлі. У новых сценах наладжаны належны догляд жывёлы, таму і прадуктыўнасць расце: цяпер сярэднясутачны надой ад каровы складае 18 кілаграмаў. На комплексе створаны добрыя ўмовы для працы. Калектыў узначальвае Станіслаў Альфонсавіч Булавацкі.
Таццяна ПАЛУБЯТКА.

Фота носіць ілюстрацыйны характар.

 
Подписывайтесь на нас в Telegram и Viber!