ААТ “Дэмбрава” прызнана мацнейшай гаспадаркай раёна

Летась дэмбраўскія аграрыі гучна заявілі пра сябе на ўсю вобласць, заняўшы першае месца на нарыхтоўцы травяністых кармоў сярод сельгаспрадпрыемстваў Гродзеншчыны. Не менш рэзультатыўна яны спрацавалі і па іншых вытворчых напрамках, за што ААТ “Дэмбрава” прызнана мацнейшай гаспадаркай раёна.

– Пасля далучэння да нас зямель Шчучынскай птушкафабрыкі гаспадарка павялічылася на 40% і сёння займае плошчу 10600 гектараў, з якіх 7616 – гэта ралля, – зазначае дырэктар ААТ “Дэмбрава” Аляксандр Віктаравіч Туля. – Бал зямлі месцамі дасягае 34, што пры гаспадарскім падыходзе і строгім выкананні сучасных тэхналогій дазваляе атрымліваць высокія ўраджаі. Нават нягледзячы на тое, што мінулы год быў даволі складаным, мы дабіліся рэкорднай у гісторыі нашага сельгаспрадпрыемства ўраджайнасці цукровых буракоў – 647 ц/га, і накапалі 19424 тоны салодкіх караняплодаў. Багата ўрадзіла і кукуруза на зерне, якой з 350 гектараў атрымалі 5000 тон, што ў два разы больш, чым летась. 


 Разам з тым мінулагодняя халодная вясна і анамальна засушлівае лета негатыўна адбіліся на росце зерневых культур. Аднак дзякуючы ў поўнай меры ўнесеным мінеральным угнаенням, своечасова праведзеным хімпраполкам і строгаму выкананню тэхналогій мясцовым хлебаробам удалося мінімізаваць наступствы капрызаў “нябеснай канцылярыі” і вырасціць дастойны ўраджай хлеба: з кожнага гектара тут атрымалі ў сярэднім 38,7 цэнтнера зерня, а вал склаў 13000 тон. Такім чынам, гаспадарка на 100% выканала дзяржзаказ па здачы зерня і яшчэ 1,5 тысячы тон залатога грузу рэалізавала звыш плана.
– Мы вырашылі павялічыць пасевы азімых культур на 400 гектараў, і з восені засеялі імі 2300 гектараў, – гаворыць галоўны аграном Дзмітрый Станіслававіч Скорб. – У параўнанні з яравымі культурамі яны больш устойлівыя да капрызаў надвор’я і даюць большы ўраджай. На сяўбе выкарыстоўвалі насенне першай рэпрадукцыі, якое атрымліваем самі. Таксама сёлета засеем гарохам 180 гектараў, а пасевы рапсу павялічым да 900 гектараў. Гэтыя расліны багатыя на ўтрыманне бялку, які адыгрывае важную ролю ў рацыёне буйной рагатай жывёлы. 
Зараз у гаспадарцы актыўна рыхтуюцца да пачатку вясенне-пасяўной кампаніі. Усе плугі, раскідвальнікі мінеральных і арганічных угнаенняў, дыскапакі, культыватары і іншыя глебаапрацоўчыя агрэгаты тут адрамантаваны і пафарбаваны. Трактары таксама прыведзены ў “баявую гатоўнасць”, і як толькі глеба прагрэецца да 8-10 градусаў – выйдуць у поле сеяць.
– Паралельна прыступілі да абслугоўвання кормаўборачных камбайнаў, а пасля возьмемся за зернеўборачную тэхніку, – дзеліцца галоўны інжынер Дзмітрый Іванавіч Іодчык. – Амаль усе рамонтныя работы праводзім самі, што дазваляе на 50% знізіць затраты. Нашым спецыялістам дастаткова пяць дзён, каб цалкам разабраць і па-новаму сабраць энерганасычаны трактар МТЗ-3022. Не забываем і аб абнаўленні аўтапарка: сёлета плануем набыць два трактары МТЗ-1221 і столькі ж трактароў МТЗ-81. 
І пакуль дэмбраўскія аграрыі чакаюць пацяплення, каб распачаць пасяўную кампанію, жывёлаводы працягваюць дабівацца высокіх вытворчых паказчыкаў. 
– У нас налічваецца амаль 12 тысяч галоў буйной рагатай жывёлы, з якіх 2580 – дойны статак, – падкрэслівае галоўны заатэхнік Віталій Яўгеньевіч Кунец. – Летась ад кожнай рагулі мы атрымалі ў сярэднім па 6580 кілаграмаў малака. А на малочнатаварным комплексе “Дэмбрава-777” гэты паказчык дасягнуў 7805 (!) кілаграмаў. Усяго надаілі 6589 тон малака, з якіх 67% здалі на перапрацоўку на Шчучынскі масласырзавод сортам “экстра”, а 28% – вышэйшым гатункам.
У ААТ “Дэмбрава” актыўна развіваецца і мясная галіна. Пагалоўе быкоў для адкорму ў гаспадарцы складае 5000. Мясцовыя жывёлаводы дабіліся высокай сярэднясутачнай прывагі – 933 грамы (+3 грамы да ўзроўню 2017 года). За 16 месяцаў утрымання жывёлы дасягаюць вагі 500-520 кілаграмаў, і іх здаюць на Гродзенскі мясакамбінат: прыкладна па 300 галоў у месяц. Усяго за дванаццаць месяцаў мінулага года дэмбраўскія жывёлаводы рэалізавалі 2668 тон мяса, атрымалі выручку ў памеры 7 млн. 860 тысяч рублёў.
– Мы ўсур’ёз займаемся развядзеннем мармуровых парод быкоў – лімузінаў і герафордаў, – працягвае Віталій Яўгеньевіч. – У гаспадарцы ўтрымліваюцца 253 пародзістыя кароўкі і тры племянныя быкі. Атрыманы маладняк хутка набірае вагу і расце. Каштуе жа мармуровае мяса на 25% даражэй, чым мяса галшцінскай пароды быкоў. 
Каб пракарміць усё пагалоўе БРЖ, у ААТ “Дэмбрава” летась заклалі 52800 тон сіласу і 45000 тон сенажу. Не дзіва, што па выніках абласных спаборніцтваў гаспадарка была прызнана пераможцай у нарыхтоўцы травяністых кармоў сярод сельгаспрадпрыемстваў Гродзеншчыны. Каб забяспечыць іх якаснае захаванне, толькі ў мінулым годзе тут пабудавалі тры сянажныя траншэі, адну адрамантавалі і яшчэ тры падоўжылі. Сёлета ўзвядзём яшчэ тры новыя сянажныя траншэі агульнай змяшчальнасцю прыкладна 8 тысяч тон. 
– Як бачыце, наша гаспадарка дынамічна развіваецца! – з гонарам зазначае дырэктар ААТ “Дэмбрава” Аляксандр Віктаравіч Туля. – Мы актыўна ўкараняем новыя тэхналогіі, не шкадуем грошай на ўмацаванне матэрыяльна-тэхнічнай базы. Аднак мала набыць магутную тэхніку, рэканструяваць фермы, закупіць якаснае насенне. Высокіх вытворчых паказчыкаў немагчыма дабіцца без самаадданай працы высока­кваліфікаваных спецыялістаў. Мне пашанцавала, што побач са мной працуюць такія адказныя людзі, як галоўны аграном Дзмітрый Станіслававіч Скорб, галоўны заатэхнік Віталій Яўгеньевіч Кунец, галоўны інжынер Дзмітрый Іванавіч Іодчык. Бездакорна выконваюць свае абавязкі аграном па ахове раслін Андрэй Іосіфавіч Козел, галоўны ветурач Аляксандр Пятровіч Шлапік, брыгадзір вытворчай брыгады Андрэй Віктаравіч Красоўскі. Заслужанай павагай у калектыве карыстаюцца начальнік комплексу па адкорме БРЖ “Стараўшчына” Раман Станіслававіч Чарняўскі, цялятніца Ірына Мікалаеўна Маліноўская, аператары машыннага даення Алена Алегаўна Клімук, Анжэла Іосіфаўна Барысевіч, Ірына Рыгораўна Макей. Гэты спіс можна яшчэ доўга працягваць… Дзякуй усім за неабыякавасць і любоў да выбранай прафесіі. Разам нам па сіле вырашаць нават самыя складаныя задачы!
Аляксандр КАСПЯРЧУК.
Фота аўтара.

 
Подписывайтесь на нас в Яндекс.Дзен, Telegram и Viber!