Аграрыі ААТ “Васілішкі” актыўна нарошчваюць тэмпы касавіцы
Штодзень у полі працуюць 5 кормаўборачных комплексаў, 11 касілак, 11 прэспадборшчыкаў, 9 грабляў і 6 варушылак. На адвозцы зялёнай масы задзейнічаны 15 адзінак тэхнікі.
Сярод тых, хто абкошвае шматгадовыя травы ў гаспадарцы, – трактарыст з больш чым 40-гадовым стажам Іван Іванавіч Мыслівец. З ім у звязцы працуюць таксама вопытныя механізатары Генрых Антонавіч Грыцкевіч і Генадзій Іванавіч Багушэвіч.
– Трактару МТЗ-1221, якім кірую, ідзе ўжо чатырнаццаты сезон, – гаворыць трактарыст ААТ “Васілішкі” І.І. Мыслівец. – Нягледзячы на салідны ўзрост, тэхніка выдатна дагледжана і абслужана, таму не падводзіць. Пры дапамозе трохметровай навясной касілкі абкошваю да 30 гектараў у дзень. Не пакідаю кабіну свайго “жалезнага каня”, пакуль сонца не схаваецца за гарызонт. Харчуюся тут жа, у полі, падчас кароткага перапынку: усіх работнікаў, занятых на касавіцы, гаспадарка забяспечвае гарачым харчаваннем.
Як толькі трактарысты абкошваюць поле, сюды прыязджаюць варушылкі і раскідваюць свежаскошаную траву. Калі зялёная маса падсохне, яе граблямі збіраюць у валкі і пры дапамозе спецыяльнага прэспадборшчыка скручваюць у цюкі.
– Сёлета нам прадстаіць убраць першым укосам 5620 гектараў траў, – зазначае галоўны аграном ААТ “Васілішкі” Міхаіл Юр’евіч Марчук. – Плануем закласці 43000 тон сенажу і 1200 тон сена. 3370 тон сенажу ўпакуем у палімерную плёнку для лепшага захоўвання. Такую тэхналогію прыменім для закладкі самых якасных кармоў, багатых на ўтрыманне пратэіну і бялку. Паколькі не будзем выкарыстоўваць кансервант, трэба строга вытрымліваць аптымальную вільготнасць правяленай зялёнай масы – 50-55% – і акуратна складваць абмотаныя плёнкай цюкі, каб не пашкодзіць палімернае пакрыццё. Іначай энергетычная эфектыўнасць кармоў значна знізіцца.
Каб шматгадовыя травы радавалі ўраджайнасцю, васілішкаўскія аграрыі актыўна займаюцца перазалужэннем лугапашных угоддзяў. Тут выкарыстоўваюць расліны не больш за тры гады, а пасля апрацоўваюць поле гліфасатамі, каб знішчыць старую расліннасць і пустазелле. Адноўленыя плошчы па-новай засяваюць маладымі травамі, якія, узыходзячы, утрымліваюць больш карысных рэчываў і даюць больш зялёнай масы.
– Бягучы сезон не абышоўся без сюрпрызаў, – прызнаецца М.Ю. Марчук. – Восенню ішлі абільныя дажджы, зімой маразы моцна скавалі зямлю, а вось вясной, калі прыгрэла сонейка і травы пацягнуліся ўверх, усталявалася анамальна сухое надвор’е, якое негатыўна адбілася на росце раслін. Таму мы вырашылі пачаць касавіцу крыху раней, чым летась, каб скасіць травы ў аптымальную фазу іх развіцця. Тым самым атрымаем больш якасныя кармы, хоць і страцім крыху ў зялёнай масе.
Для закладкі і надзейнага захоўвання кармоў у сельгаспрадпрыемстве налічваецца 72 спецыялізаваныя траншэі агульным аб’ёмам больш за 178 тысяч тон. Гэтага дастаткова, каб з лішкам пакрыць патрэбы гаспадаркі. Для трамбоўкі зялёнай масы тут будуць задзейнічаны два пагрузчыкі і два “Кіраўцы”. Колы апошніх на 40% запоўняць вадой і навесяць каткі для павышэння эфектыўнасці работы.
– Адначасова з першым укосам мы займаемся доглядам пасеваў, – гаворыць Міхаіл Юр’евіч. – Зараз праводзім падкормку цукровых буракоў, на чарзе – кукуруза. Да ўсяго трэба правесці хімпраполку прапашных культур і апрацаваць расліны ад хвароб. Адным словам, работы хапае! Але хто плённа працуе – той і прыбытак мае!
Аляксандр КАСПЯРЧУК. Фота аўтара.