Лепшым працаўнікам, якія дасягнулі высокіх паказчыкаў у раённым спаборніцтве па ўборцы ўраджаю і нарыхтоўцы кармоў, уручылі заслужаныя ўзнагароды

«Ніва», за рулём якой старшыня раённай арганізацыі прафсаюза работнікаў аграпрамысловага комплексу Г.Ф. Шандроха, а побач з ім – старшыня раённага аб’яднання прафсаюзаў Ю.Т. Пашук, імчала ў напрамку да Вялікага Мажэйкава. Мясцовы саўгас стаў першым на працяглым, так бы мовіць, віншавальным маршруце: прафсаюзныя лідары ехалі ў гаспадаркі раёна, каб падзякаваць за плённую працу і ўручыць заслужаныя ўзнагароды лепшым працаўнікам, якія дасягнулі высокіх паказчыкаў у раённым спаборніцтве па ўборцы ўраджаю збожжавых і зернебабовых культур і нарыхтоўцы кармоў.
Дарэчы, у многіх гаспадарках раёна, у іх ліку і КСУП «Саўгас «Вялікае Мажэйкава», палеткі, дзе нядаўна яшчэ каласілася збажына, ужо стаяць з кароткімі “стрыжкамі”. Тэхніка перамясцілася на машынныя двары. На адным з іх, у Скрыбаўцах, госці з раёна, а таксама галоўны эканаміст, старшыня прафкама саўгаса Н.М. Шанчук і засталі жніўны дуэт у складзе Д.А. Віткоўскага і П.Я. Арлукевіча. Гэты экіпаж адметны ад іншых: малады камбайнер Дзмітрый Віткоўскі сёлета, працуючы на КЗС-1218, прайшоў сваё першае выпрабаванне хлебнай нівай, а спрактыкаваны вадзіцель Пётр Янавіч Арлукевіч выступіў у ролі яго памочніка і вопытнага настаўніка. За сезон яны намалацілі звыш 1000 тон зерня. «У наступным годзе зноў стану за штурвал камбайна», – запэўніў дэбютант жніва.


Ю.Т. Пашук і Г.Ф. Шандроха падзякавалі хлебаробам за працу, моцна паціснулі ім мазолістыя рукі і ўручылі дыпломы раённай арганізацыі прафсаюза работнікаў АПК, майкі і кепкі з лагатыпам самай масавай грамадскай арганізацыі, а таксама грашовыя прэміі.
Дыпломы прафсаюза работнікаў АПК  і такі ж прыемны дадатак атрымалі ў гэты дзень камбайнеры-тысячнікі ААТ «Васілішкі» Юрый Іосіфавіч Жолік, Аляксандр Аляксандравіч Шанчук, Дзмітрый Казіміравіч Тарасевіч. «Добрыя працаўнікі! Служаць прыкладам і на жніве, і на іншых палявых работах», – пахваліў землякоў начальнік вытворчасці раслінаводчай прадукцыі ААТ «Васілішкі» І.Ф. Кімашэўскі, які з прафсаюзным лідарам сельгаспрадпрыемства В.І. Бакун прысутнічаў падчас палявой цырымоніі ўзнагароджання. 
У гэты дзень на свежым паветры прыняў шчырую падзяку за вернасць роднай зямлі і заслужаную ўзнагароду яшчэ адзін васілішкаўскі камбайнер-тысячнік – Валерый Мар’янавіч Батура. Дыпломы і падарункі атрымалі таксама яго землякі А.І. Максімчык, П.Р. Габіс.
   Узнагарода за поспехі ў працы ад райкама прафсаюза АПК была ўручана і В.Т. Савіцкаму – камбайнеру-тысячніку з ААТ «Дэмбрава». А яго землякі – трактарысты-машыністы С.Г. Тамкевіч і Д.М. Мулярчык, якія сталі пераможцамі абласнога спаборніцтва на нарыхтоўцы кармоў, адзначаны дыпломамі Гродзенскага абкама прафсаюза работнікаў АПК.
Таццяна ПАЛУБЯТКА.
Фота аўтара.

 
Подписывайтесь на нас в Telegram и Viber!