Перад пачаткам пасяўной кампаніі ў СВУ “Пратасаўшчына” прайшоў раённы семінар
Як толькі надвор’е стане больш сухім і цёплым, у гаспадарках раёна пачнуць пасяўную кампанію. А пакуль шчучынскія аграрыі актыўна рыхтуюць глебу да сяўбы, уносяць неабходныя мінеральныя і арганічныя ўгнаенні. Што эфектыўней выкарыстоўваць: вадкую карбамідна-аміячную сумесь ці грануліраваны карбамід? Якой павінна быць колькасць дзеючага рэчыва на гектар? Гэтыя і шматлікія іншыя пытанні разглядаліся на раённым семінары, арганізаваным па ініцыятыве старшыні райвыканкама Сяргея Васільевіча Ложэчніка.
Месцам правядзення было выбрана СВУ “Пратасаўшчына” – сельгаспрадпрыемства, дзе штогод дабіваюцца высокіх ураджаяў. Менавіта сюды і з’ехаліся кіраўнікі ўсіх гаспадарак раёна разам з галоўнымі аграномамі і эканамістамі. І павучыцца тут сапраўды было чаму!
– Перад пачаткам пасяўной кампаніі вельмі важна ў поўнай меры ўнесці ў глебу азотныя угнаенні, каб зерне потым атрымала неабходную колькасць карысных рэчываў для хуткага росту, – зазначае дырэктар СВУ “Пратасаўшчына” Віктар Анджэевіч Семяновіч. – У гэтым плане па аб’ектыўных прычынах мы аддаём перавагу вадкай КАСе, якой штогод выкарыстоўваем больш за 600 тон. Распырскваем угнаенне па палетках пры дапамозе “Расы”. Не забываем і пра фосфар.
У СВУ “Пратасаўшчына” плошча ворыва складае амаль 2,5 тысячы гектараў. 1000 гектараў займаюць азімыя культуры, яравымі сёлета будзе засеяна 290 гектараў. Пад кукурузу тут адвялі 560 гектараў.
– Без строгага захоўвання тэхналогіі сяўбы немагчыма дабіцца высокіх ураджаяў, – перакананы галоўны аграном Андрэй Віктаравіч Клімовіч. – На палеткі, дзе плануем сеяць яравыя зерневыя, ужо 100% унеслі калійныя ўгнаенні – да 180 кілаграмаў дзеючага рэчыва на гектар. Таксама ў поўнай меры выкарыстоўваем азотныя ўгнаенні ў выглядзе вадкай КАСы – 10 літраў на гектар. У параўнанні з грануляваным карбамідам гэта сумесь раўнамерна распырскваецца і значна лепей засвойваецца глебай.
Разам з тым работа з вадкімі ўгнаеннямі больш складаная: яе эфектыўнасць залежыць ад многіх фактараў, якія неабходна абавязкова ўлічваць.
– Пры ўнясенні вадкай карбамідна-аміячнай сумесі вельмі важна вытрымліваць тэмпературны рэжым, які не можа перавышаць 23 градусы, – падкрэслівае старшыня райвыканкама Сяргей Васільевіч Ложэчнік. – Тады ўгнаенні не будуць выпарацца. Механізатары павінны гэта разумець і быць гатовымі працаваць дапазна, а часам і выехаць у поле да ўзыходу сонца. Грануляваны карбамід, калі яго аператыўна не запахаць, за 4 гадзіны на адкрытым паветры страчвае да 40% карысных рэчываў, што таксама трэба памятаць. Толькі строгае выкананне ўсіх тэхналогій і высокая культура земляробства дазволяць нам вырасціць багаты ўраджай!
Аляксандр КАСПЯРЧУК.
Фота аўтара.